Люди, истории Адметныя
CityDog.io

Адметныя: як ператварыць мару пра беларускія шляхетныя прадукты ў паспяховы бізнес “Каралі”

Адметныя: як ператварыць мару пра беларускія шляхетныя прадукты ў паспяховы бізнес “Каралі”
У рубрыцы “Адметныя” мы распавядаем пра тых, хто не пабаяўся стварыць свой бізнес і дасягнуў поспеху. Сёння ў нас гісторыя ўжо даволі вядомага брэнда “Каралі”, іх мыла і парцаляну ручной вытворчасці ведае любы прыстойны мінчук. 

У рубрыцы “Адметныя” мы распавядаем пра тых, хто не пабаяўся стварыць свой бізнес і дасягнуў поспеху. Сёння ў нас гісторыя ўжо даволі вядомага брэнда “Каралі”, іх мыла і парцаляну ручной вытворчасці ведае любы прыстойны мінчук. 

Серж Наўродскі (на фота злева) і Сяржук Семянюк сустракаюць нас у невялікім офісе “Караляў” з фарбаванымі ў ружовы сценамі.

– Канешне, мы фарбавалі іх самі,  усміхаецца Серж.

Па ўсім офісе стаяць рознакаляровыя каробачкі з мылам, а таксама белая парцаляна – гэта асноўныя прадукты, якімі зараз займаюцца “Каралі”. Назва кампаніі чытаецца з націскам на другі склад:

– Нічога каралеўскага ў гэтай назве няма, каралі – гэта ожерелье, калі перакладаць. Нашы партнёры заўсёды кажуць, што дзякуючы нам вывучылі два новыя беларускія словы – “каралі і “парцаляна. А так сутнасць назвы ў тым, каб яе лёгка было пісаць лацінкай і кірыліцай. Каб было лаканічна і, галоўнае, каб яна адлюстроўвала нашу беларускасць.

Назвы, упакоўкі і пахі мыла таксама цесна звязаны са знакавымі з’явамі беларускай культуры: чорнае мыла “Панна Нясвіжа, светлае – “Віленскае барока, зялёнае са свежым пахам – “Папараць – усяго восем гатункаў. Калекцый парцаляны пакуль што дзве, але і яны таксама распавядаюць пра Беларусь: адна з калекцый прысвечана зброі ВКЛ, другая – традыцыйным выцінанкам.

 

“А ЗАРАЗ УЖО І НЕ СЫДЗЕШ, НАПЭЎНА” 

Ідэя Караляў, якімі зараз займаюцца Серж і Сяржук, прыйшла да Сержа і яго жонкі яшчэ ў 2011 годзе. Іх марай было стварэнне беларускай кампаніі, якая б выпускала якасны беларускі тавар:

– У нас не было ідэі выпускаць мыла, мы не марылі быць менавіта мылаварамі. Мы хацелі зрабіць беларускі тавар – прыгожа і якасна. І шукалі тое, што можна зрабіць даволі лёгка і што не патрабуе значных інвестыцый.

Так Каралі пачалі рабіць мыла, якое ў тыя часы рамеснікі амаль не рабілі, а потым з;явіліся і дзве калекцыі парцаляны. Цяпер кампанія расце і сталее, а Серж з Сержуком мараць пра тое, каб аднойчы Каралі сталі месцам, куды б людзі вельмі хацелі ўладкавацца на працу.

Пакуль жа асноўная работа па развіцці ляжыць на плячах хлопцаў. Да апошняга часу Сержука Семянюка выдатна ведалі у грамадскім сектары, адкуль яго неаднойчы клікалі працаваць у Каралі, а ён неаднойчы адмаўляўся:

– Але ўсё роўна атрымалася, што я так захапіўся ідэяй Караляў, для мяне асабіста блізкай, што тут і застаўся. А зараз ужо і не сыдзеш, напэўна, – усміхаецца ён. – Гэта тое месца, дзе і творчасць, і праца, і задавальненне.

Сяржук адказвае за ўсе аперацыйныя дзеянні ў кампаніі: трымае ў галаве і кантралюе ўвесь працэс ад вытворчасці да камунікацыі з крамамі. Ён прызнаецца, што Каралі займаюць 100% часу, і на тое, як працаваць з фіксаваным графікам з 9 да 18, ён ужо даўно забыўся:

– Калі трэба хутка ноччу штосьці зрабіць, то ўсё проста – сядаеш і робіш. Бо калі не ты, то хто.

Серж – эканаміст па адукацыі і займаецца стратэгіяй развіцця кампаніі, а таксама адказвае за фінансавы аспект. Акрамя Караляў ён працягвае займацца навуковымі даследаваннямі ў галіне эканомікі:

– Даводзіцца быць многастаночнікам. Каралі, на жаль, пакуль не прыносяць столькі, колькі б хацелася, і таму я яшчэ і навуковец: займаюся эканамічнымі даследаваннямі. Ды, відаць, я занадта творчы чалавек, каб быць на 100% эканамістам і навукоўцам, хаця навука – гэта таксама творчасць. Але мне патрэбны Каралі, бо гэта дае магчымасць ствараць каштоўнае для сябе і іншых.

 

НАБУДУЦЬ НЕ НАШ КУБАЧАК, А КІТАЙСКІ

Гісторыя кампаніі налічвае ўжо 4 гады, і за гэты час Каралі прайшлі асаблівы шлях. За першы год каманда людзей, якія потым адышлі ад справаў, стварыла ідэю – лагатып, назву, а таксама атрымала сертыфікацыю. Па словах Сержа, атрыманне ўсіх сертыфікатаў заняло амаль год: працэдура вельмі складаная і ўключае ў сябе збор дакументаў, аналізы і розныя інстанцыі. Цяпер, калі працэс ужо падрабязна вядомы, сертыфікацыя займае каля трох тыдняў, але на той момант было цяжка.

Потым Каралі сталі распрацоўваць новы прадукт – парцаляну. Атрымалася наладзіць вытворчасць досыць танна, хаця, увогуле, парцаляна ручнога вырабу – вельмі дарагое задавальненне. Серж прызнаецца, што парцалянай на беларускім рынку займацца цяжэй, чым мылам:

– Калі ў краме стаіць адзін кітайскі набор парцаляны за 100 000 руб., побач вельмі дарагі Villeroy & Boch, а паміж імі наша парцаляна (сподачак з кубкам каштуе каля 400 000 руб.), то часцей за ўсё абраны будзе кітайскі кубачак, бо ён роўны, прыгожы, абліты фарбамі – канечне, не ручная праца і іншая якасць гліны, але затое танны. Нашу парцаляну мы не каляруем, і калі вы да яе дакранецеся, то заўважыце, што яна не заўжды роўная – бачна, што яе выраблялі рукамі. Наша ідэя ў тым, каб яе можна было перадаваць з пакалення ў пакаленне. У маёй сям’і ёсць такі набор, і я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя.

 

У КРЫЗІС: І ПЕРСАНАЛ У ВЁСЦЫ НЕ ТАКІ КАПРЫЗНЫ, ЯК У МІНСКУ 

Да крызісу кампанія пачала рыхтавацца загадзя – відаць, дапамагла эканамічная адукацыя Сержа. Яны распачалі рэарганізацыю, перайшлі ў форму таварыства і перанеслі вытворчасць з Мінска ў Валожынскі раён:

– Зараз мы хочам наймаць людзей або з райцэнтра, або з вёскі – так танней. І персанал там не такі капрызны, як у Мінску. Але пакуль у нас кароткая практыка, яшчэ не пацверджаная вопытам.

Галоўнае, што зараз цікавіць Каралі, – распрацоўка новых галін развіцця, таму кампанія шукае інвестараў, якія гатовы да іх далучыцца. Першая такая галіна – таннае мыла для гіпермаркетаў. Пакуль што мыла Каралі – гэта люксавы прадукт, які прадаецца ў краме Кравт і каштуе 90 000  100 000 руб., а ў планах стварэнне мыла добрай якасці ў прыгожай упакоўцы, але па цане 20 000  25 000 руб. Сертыфікаты ўжо атрыманы, і хлопцы спадзяюцца, што іх масавае мыла хутка будзе прадавацца ў Кароне і Гіпа.

Яшчэ адзін напрамак развіцця – мыла для гатэляў:

– Зараз ёсць два віды мыла, якія набываюць гатэлі,  распавядае Серж. – Гэта альбо самае таннае кітайскае ці ўкраінскае мыла, вельмі, ну, рэальна вельмі кепскай якасці: яно сушыць скуру, яго наогул не трэба ў рукі браць. І другая катэгорыя – імпартаванае мыла з Італіі, Францыі ці Англіі. Наша ідэя ў тым, каб дапамагчы гатэлям песціць сваіх гасцей мылам ручной вытворчасці. І ў нас ужо ёсць першыя кліенты, пастаўкі і фідбэкі. А гэта галоўнае, бо цяпер зразумела, што рабіць далей.

Да ўсяго, Каралі прасоўваюць свае прадукты на экспарт – у Маскву, напрыклад, дзе мыла прадаецца ў арыгінальнай упакоўцы з беларускімі назвамі. А ў мінскіх гатэлях стаяць маленькія спробнікі, каб замежныя госці маглі прывезці мыла ў якасці беларускага сувеніра.

– Мы абсалютна перакананы ў тым, што мыла Каралі не саступае па якасці добраму французскаму ці італьянскаму, – упэўнена кажа Серж. – Да таго ж такое мыла – добры падарунак-напамін пра Беларусь. Бо кожны пах, колер, ідэя дызайну – пра нейкую адметную з’яву беларускай культуры.

Мы развітваемся з Сержукамі і выходзім з іх утульнага офіса. Падаецца, што нават у калідоры стаіць лёгкі і прыемны пах мыла: здаецца, так пахне Папараць.

 

 

Парадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ТАА «ЭС ЭМ ДЖЫ», УНП 190247301

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter