Адметныя. Знаёмцеся з чалавекам, якому належаць рэстарацыі “Камяніца” , “Грай”, “Карчма” і “Агінскі”

Адметныя. Знаёмцеся з чалавекам, якому належаць рэстарацыі “Камяніца” , “Грай”, “Карчма” і “Агінскі”
Мы працягваем рубрыку “Адметныя” пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння расказваем, як з “Камяніцы“ вырасла буйная сетка кафэ са сваім фестывалем.

Мы працягваем рубрыку “Адметныя” пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння расказваем, як з “Камяніцы“ вырасла буйная сетка кафэ са сваім фестывалем.

Каля галоўнай сцэны “Камяніцы” сустракаем Алега Хаменку, лідэра гурта “Палац” і пастаяннага вядучага фестывалю. Ён усміхаецца: “Калі пад сцэнай сабраліся людзі і акапэла праспявалі “Купалінку”, я адчуў – гэта наша перамога!” У гэты момант да нас падыходзіць Алег Пашак – галоўны арганізатар фестывалю. Менавіта ён 8 гадоў таму вырашыў, што свой фэст будзе добрым дадаткам да паспяховахага рэстараннага бізнесу – і не памыліўся. Ужо колькі гадоў напачатку восені ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо збіраецца больш за 5 тысяч чалавек – менавіта тут праходзіць, напэўна, самы спакойны і самы беларускі фестываль нашай краіны.

– Першы ж фестываль мы зрабілі са злосці, – жартуе Алег пры нашай першай сустрэчы ў кафэ “Грай”, новым праекце стваральнікаў “Камяніцы”.

Гісторыя бізнесу, які моцна паўплываў на любоў да краіны бадай што цэлага пакалення мінчукоў, губляецца ў пачатку нулявых: менавіта тады былы вайсковец атрымаў магчымасць арэндаваць памяшканне на Першамайскай і вырашыў завязваць з бізнесам па міжнародных грузаперавозках (“А чаго ж там толькі не было! І скрадзеныя грузы па ўсім СНД шукаў, і кіроўцаў, прывязаных да елак у Літве, вызваляў, і з паліцыяй выймаў, і машыны ў нас гарэлі”, – з усмешкай успамінае Алег). Разам з партнёрамі яны вырашылі адкрыць кавярню “Робін Гуд. Ангельская кухня”. Але сітуацыю, як ні дзіўна, змяніла кніга.

– Мне ў той час выпадкова трапіў у рукі “Вялікалітоўска-расейскі слоўнік” Яна Станкевіча, выдадзены ў Нью-Йорку. Гэта цудоўны тлумачальнік, з якога ўсё пачалося: я зразумеў, што мала ведаю гісторыю і культуру сваёй краіны, і пачаў узахлёб чытаць. “Камяніца” так і ўтварылася – гэта слова як раз з кнігі. Ну які “Робін Гуд” у Беларусі?

Алег кажа, што на яго рашэнне таксама моцна паўплываў Вільнюс – менавіта ў гэтым горадзе ён адвучыўся чатыры гады: “Я вельмі любіў там гуляць – і ў мяне з’явілася адчуванне, як павінна быць. І “Камяніцу” мы рабілі з гэтым адчуваннем”.

Першыя два гады для бізнесу былі складанымі – у пачатку нулявых у мінчукоў яшчэ не было звычкі хадзіць па кавярнях, ды і рэстаранаў у горадзе было зусім няшмат.

“У нас было цудоўнае меню, але “бітка” не атрымалася – мы ж не на самай папулярнай вуліцы адкрыліся”, – тлумачыць Алег. Каб выправіць сітуацыю, уладальнік прыдумляў акцыі для дзетак і па выхадных адпраўляў афіцыянтак у народных строях у парк Горкага з самадрукаванымі флаерамі, каб хоць неяк прыцягнуць людзей.

Праз паўтары гады да праекта далучыўся Сяргей Чэгрынец – зараз сузаснавальнік кампаніі. “Мы вельмі добра дапаўняем адзін аднаго: мне б штосьці зрабіць, але прадаваць я не ўмею. А Сяргей – маркетолаг па крыві, і з яго прыходам сітуацыя з рэкламай і кліентамі змянілася – і справа пайшла. Гэта яшчэ раз даказвае, што мала зрабіць добры прадукт – важна яго таксама правільна падаць”.

Калі “Камяніца” стала папулярным месцам і для мінчукоў, і для турыстаў, да рэстаратараў звярнулася дырэктарка Музея народнай архітэктуры і побыту і прапанавала ім арэндаваць карчму на тэрыторыі комплексу ў Азярцы.

– Тады гэта быў напалову развалены будынак з камышовым дахам, пасярэдзіне якога было па пояс бур’яну. Мы былі маладзейшымі ды смялейшымі, таму ўзяліся за праект і хутка ўсё зрабілі. Замянілі дах, перабудавалі памяшканне, знайшлі мэблю. Пазней пастаівлі летні навес, а тады выпрацавалі меню. І, калі мы ўсё гэта зрабілі, паўстала пытанне: а каго мы будзем карміць?

Стандартны рэкламны набор – радыё, тэлебачанне, газеты – для аддаленай ад Мінска рэстарацыі не спрацаваў. І тады Алег с калегамі вырашылі рабіць фестываль. Але які і як?

– З-за таго, што гэта справа была новай, было страшна – і мы звярнуліся па дапамогу да аднаго фестывальнага гуру. Калі ён зразумеў, што фэст мы робім добраахвотны і грошы на ім зарабляць не плануем, ён да нас усякі інтарэс страціў. І першы фестываль мы зрабілі са злосці – паказаць, што мы таксама можам.

На першым фэсце выступалі толькі беларускія гурты, а з надвор’ем не пашчасціла – увесь час ішоў дождж. Але гэта не перашкодзіла 1,5 тысячы наведнікаў усё ж дабрацца да фестывалю “Камяніца” – Алег кажа, што такога попыту яны нават і не чакалі. Першы досвед быў натхняльным, таму рэстаратары вырашылі працягваць: напачатку фэст з кожным годам рабіўся ўсё буйнешым – і на пяты год наогул быў зроблены двухдзённым.

– Зараз фестываль для мяне – гэта два месяцы, выкрэсленыя з жыцця, і цалкам паламаная нервовая сістэма. Але шкада яго кідаць – столькі сіл укладзена! І, па шчырасці, мне падабаецца ім займацца.

Але на двух кафэ і рэгулярным фэсце Алег с калегамі не прыпыніліся: колькі гадоў таму яны адкрылі кафэ “Агінскі” са шляхетнай беларускай кухняй ажно на Варанянскага, а зараз у тэставым рэжыме запусцілі гіганцкі “Грай” на Інтэрнацыянальнай.

Мы пытаемся, ці не цяжка пры ўстойлівым бізнесе – папулярнасць створанай 14 гадоў таму “Камяніцы” не змяншаецца – увесь час развівацца і знаходзіць новыя выклікі.

– Мой сузаснавальнік рэгулярна кажа мне: можа, хопіць ужо будаваць? Можа, ужо пажывём для сябе? Таму што зразумела, што ўсё гэта развіццё – гэта абавязкова нейкія абмежаванні і перыядычная беднасць, нават катастрафічная бывае. У нас няма замежных інвестараў, мы ўсё робім самі, таму перыядычна гэта вызывае нязручнасці. А мы ж людзі сямейныя, у нас дзеці. Але іначай нам, відаць, было б сумна. Для мяне асабіста проста камфортнае мяшчанскае жыццё непрымальнае, бо нуднае.

Да свайго апошняга праекта, кафэ “Грай”, размешчанага на 1500 квадратных метрах у гістарычным будынку, уладальнікі ішлі 6 гадоў – менавіта тады яны вырашылі паўдзельнічаць у аўкцыёне на права арэнды і рэканструкцыі гэтага месца. “Гэта была зусім іншая сітуацыя – і з эканомікай, і з намі: мы былі маладзейшымі, энергічнейшымі ды смялейшымі. Нам тады мора па калена было”, – смяецца наш суразмоўца. Пасля яны выйгралі аўкцыён, і пачалася падрыхтоўчая праца, якая зацягнулася на гады. Гэта зараз у “Граі” два цудоўна аздобленыя паверхі і свая сцэна – а спачатку памяшканне было ў жудасным стане: “Тут спачатку не было ні лесвіц, ні перакрыццяў, можна было з паверха на паверх прыгаць, а скляпенні наогул былі падобнымі на катакомбы. Вось вы ў Гальшанскім замке былі? Вельмі падобна было”.

Стваральнікі “Граю” адмовіліся ад простага шляху і кожны зал аформілі па-рознаму: ёсць шляхетная заля, ёсць заля Малевіча і заля Кандзінскага, а ёсць памяшканне, аздобленае ў стылі беларускай мастачкі Алены Кіш, якая малявала рай на дыванах, – тут плануецца адзначаць вяселлі. Для кожнай залі будзе асобнае меню: “У нас жа кафэ “Грай”– во мы і пагулялі”, – тлумачыць Алег каля невялічкай сцэны. Калі праект задумваўся, ішла размова пра тое, каб пастаянна працаваць з музычнымі камандамі этнічнага накірунку: “І гэта не абавязкова фолк, у Беларусі зараз шмат такой музыкі робіцца”. А пакуль “Грай” адкрыты ў тэставым рэжыме:

– Тут яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, каб праект стаў канкурэнтаздольным. Мы робім месца для беларусаў, да якіх прыехалі госці, і мы яшчэ павінны зрабіць так, каб весці людзей сюды было не сорамна, – і пакуль да гэтага толькі ідзём. Але мы ніколі не адчувалі сябе дурнейшымі за іншых. Гэта ўсё комплексы – чаго баяцца, жыццё ж адно! Як у “Паху жанчыны” пра танга: “Памыліўся? Танцуй далей!”

За гады існавання бізнесу, пабудаванага на любові да радзімы, у Беларусі шмат што змянілася: з пачатку нулявых вышыванкі з маргінальнай гісторыі ператварыліся ў мэйнстрым – на фестывалі “Камяніца” людзей у сапраўднай нацыянальнай вопратцы з кожным годам усё больш, і бачна, што людзі апранаюць яе з гонарам. Мы пытаемся, ці не адчувае Алег сваёй у гэтым заслугі. У адказ ён смяецца: “Калі б гэта было так, я б лічыў, што жыццё ўдалося”. І дадае, што мода на нацыянальнае амаль не сказваецца на бізнесе: “Мне, відаць, стала толькі крыху прасцей знаходзіць са сваім калектывам агульную мову і тлумачыць, чаму патрэбна абслугоўванне на беларускай”.

Алег кажа, што яны да гэтай пары робяць фестываль як іміджавы праект і не зарабляюць на ім: усе грошы ідуць на рахунак музея. Які, дарэчы, за гады правядзення “Камяніцы” стаў значна больш прывабным – тут шмат чаго дабудавалі, і зараз гэта месца спалучае і музейную адукацыю, і адпачынак. Людзі прыязджаюць сюды і проста пабавіць час на свежым паветры: “А ў нас там яшчэ і кухня шыкоўная, і дзіцячая пляцоўка ёсць, і тэрыторыя бяспечная, і ад Мінска недалёка”. Дзіцячую пляцоўку, дарэчы, зрабілі нездарма:

– У нас сямейны фестываль – мы вельмі шмат выдаткоўваем на дзяцей, каб ім было зручна. Мы і квіткі таннейшымі робім, каб гэта было даступна вялікаму колу людзей. Мы ж летуценнікі і фантазёры. Да таго, як зрабіць свой фэст, я шмат куды ездзіў і назіраў за іншымі – і ў мяне была мара, нават некалькі. Я думаю, што здаровы нацыяналізм – гэта шлях да выжывання невялікага народа. Але, на мой погляд, сённяшні нацыяналізм у Беларусі – гэта такое прыстанішча маргіналаў, даволі абасобленых і агрэсіўных да іншых, і не зразумела, як яны пры такой палітыцы збіраюцца перамагаць. Дык вось, адна з задач фестывалю – гэта прыцягненне ў гэта кола здаровага нацыяналізму нармальных людзей. Такая лёгкая прышчэпка любові да свайго, роднага. Я разумею, што гэта кропля ў моры, і не кажу, што мы правядзём фестываль і свет адразу зменіцца, не – але такія кроплі і робяць ручай. І ты не проста ясі і п'еш, а нешта робіш.

У нас людзі ходзяць на фестывалі як на канцэрты. А гэта ж не так! Фестываль – гэта дзея, на якой наведвальнік – адна з асноўных частак мерапрыемства. І класна, што на “Камяніцу” прыходзяць людзі ў нацыянальных строях, дзеткі ў кашулях – і іх шмат. Бо хоць адзін раз на год можна так апрануцца і пайсці не па горадзе, а ў спецыяльнае месца, і зразумець, што ты не адзін такі. І гэта і ёсць фестывальная дзея, і чым больш мы ўцягнем у яе людзей, тым лепш будзе для нас – усіх нас. Таму, можа, я і псую сабе штогод нервы. Я ж кажу, ідэалісты!

ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайце пра хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova #SamsungBelarus. Дзякуй!


РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

ООО “Самсунг Электроникс Рус Компани”, ИНН 7703608910

Еще по этой теме:
Адметныя. Minsker – як рабіць класныя рэчы на любові да роднага Мінска і павазе да працавітай Індыі
Адметныя. Кнігарня “Логвінаў” – якім стане галоўнае кніжнае месца Мінска пасля рамонту
Адметныя. Усё, што вы хацелі ведаць пра сетку “Адзенне”, самыя вядомыя крамы сэканд-хэнду ў Мінску
поделиться