Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«“Іванова, ты ж разумееш, што я цябе ніколі не пакахаю?” Пасля гэтага мы пайшлі займацца сексам». Тры гісторыі беларусак, якія трапілі ў аб’юзіўныя адносіны

«“Іванова, ты ж разумееш, што я цябе ніколі не пакахаю?” Пасля гэтага мы пайшлі займацца сексам». Тры гі...
У аб’юзіўныя адносіны трапіць лёгка, а выйсці з іх складана. Нават распазнаць аб’юз як псіхалагічны гвалт самастойна бывае немагчыма. Тры беларускі расказалі CityDog.io свае гісторыі – пачытайце і параўнайце: ці не пазнаяце ў гэтым сябе?

У аб’юзіўныя адносіны трапіць лёгка, а выйсці з іх складана. Нават распазнаць аб’юз як псіхалагічны гвалт самастойна бывае немагчыма. Тры беларускі расказалі CityDog.io свае гісторыі – пачытайце і параўнайце: ці не пазнаяце ў гэтым сябе?

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

Надзея (35): «Ды каму ты такая патрэбная… акрамя мяне»

Надзея трапіла ў аб’юзіўныя адносіны, калі ёй быў 21 год. На працы яна пазнаёмілася з Паўлам – ён быў старэйшы на 4 гады.

– Паміж намі адразу з’явілася нейкая сімпатыя, але спачатку мы размаўлялі толькі на працы. З цягам часу сталі выходзіць разам на піва, – успамінае дзяўчына. – Калі мы ўжо пачалі сустракацца, ён усё роўна паводзіў сябе даволі холадна, цяпер мы з сяброўкамі называем гэта «я*аў і плакаў».

Ён ні разу ніадкуль не забраў мяне на машыне, хаця сам ездзіў на ёй увесь час. Ніколі не казаў мне нічога прыемнага. Замест кампліментаў кідаў такія фразы, як «ты смешная», «у цябе дурныя амбіцыі», «не трэба быць такой эмацыянальнай – з’явяцца маршчыны», «ды каму ты такая патрэбная… [паўза] акрамя мяне». Як я цяпер разумею, Паша выкарыстоўваў рознага роду псіхалагічныя прыёмы, каб проста прывязаць мяне да сябе. А я ж была яшчэ зусім маладая. Мне здавалася, што гэта нармальна – і што, напэўна, ва ўсіх так. Пры гэтым ён пастаянна дзівіўся: «А чым гэта я такі дрэнны? Я ж цябе не б’ю, не бухаю». Сапраўды, скарб нейкі.

Я не была знаёмая з яго бацькамі і братам, ніколі не была ў яго дома – мне было забаронена. Я нават дакладнага адраса яго не ведала. Ён заўсёды толькі прыязджаў да мяне сам – звычайна па суботах. Мы пілі віно, елі нешта смачнае, глядзелі фільмы – і ён заставаўся на ноч. Між іншым, часам па яго прапанове мы глядзелі нешта кшталту «Грузу 200», пасля чаго я доўга адыходзіла ад шоку. Як прыемна.

Усе мае сябры і сяброўкі для яго былі тупымі, ён не хацеў з імі камунікаваць. А калі я спрабавала з імі сустрэцца, ён пачынаў бурчаць: маўляў, 100% на вашай вечарынцы будуць не толькі дзяўчынкі, ведаю я, чым гэта скончыцца. У выніку я заставалася дома з ім і згубіла ў той перыяд шмат людзей са свайго атачэння.

Аднойчы мы паехалі з ім у адпачынак на мора. Ён зладзіў мне там рамантычны вечар на даху рэстарана. Мы сядзелі, пілі шампанскае з маслінкамі, ён далікатна накрываў мяне пледам. Ноч, прыгажосць, гукі прыбою... Ён бярэ мае рукі ў свае, глядзіць мне ў вочы і кажа: «Іванова, ты ж разумееш, што я цябе ніколі не пакахаю?» Можаце самі ўявіць, што рабілася ў мяне ў галаве ў той момант. Тым не менш далей мы ідзём у нумар, займаемся сексам, я плачу ў працэсе, бо мне крыўдна, – але яго гэта ніяк не спыняе.

Або, напрыклад, мы дамаўляліся правесці разам мой дзень нараджэння, аднак ён раптоўна знік на тры дні і адключыў тэлефон. Увесь гэты час я хвалявалася, плакала і спрабавала яму датэлефанавацца. Потым ён аб’явіўся: «А што такое? Мне цяжка. У мяне была дэпрэсія». І ў выніку перакручвае ўсё так, што я перад ім выбачаюся.

Праз 2,5 гады гэтых адносін я паехала ў іншую краіну на рэкламны фестываль і там пазнаёмілася з хлопцам, які ставіўся да мяне зусім інакш – як да чалавека. Усюды мяне падвозіў, адчыняў перада мной дзверы, хадзіў па ваду, калі мне рабілася кепска. І гэта ўсё проста так, у нас былі чыста сяброўскія адносіны.

І толькі ў той момант я зразумела, што я не гаўна кавалак і не ануча, якой можна падцерціся. Я раптам усвядоміла, што я нармальная дзяўчына, цікавая, сімпатычная, з якой ёсць пра што паразмаўляць, прыемна прагуляцца па горадзе і іншае. Я была ў шоку ад таго, што адбывалася, – але толькі гэта мяне і вылечыла.

Праз некалькі дзён я вярнулася ў Беларусь і зразумела, што не хачу працягваць адносіны з Паўлам. Сустрэцца і сказаць усё ў твар я не змагла, таму напісала яму паведамленне а-ля «Прабач, я ўжо ніколі не буду ранейшай, давай разыходзіцца». Ён напісаў нешта накшталт: «У нас жа было столькі планаў! Як гэта магчыма? Што за лухта?» – але я ўжо была непахіснай.

Праз тыдзень ён яшчэ спрабаваў мне тэлефанаваць і прасіў паразмаўляць. Я пагадзілася, але калі-небудзь потым, бо ў мяне сёння вясёлая вечарынка: то бок дала зразумець, што мне без яго ўжо добра. На шчасце, ён успрыняў гэта нармальна і не стаў мяне пераследаваць. Больш мы з Паўлам не бачыліся.

Вось ужо больш за 10 гадоў я спрабую справіцца з наступствамі гэтай сітуацыі. Толькі нядаўна я цалкам ад гэтага адышла і прыняла, што я насамрэч вартая добрага.

Праўда, як успамінаю гэтага чалавека, да гэтага часу ўздрыгваю. Здаецца, каб сустрэла яго на вуліцы, плюнула б у твар.

Алена (36): «Кожны дзень яму трэба гатаваць свежую ежу, адно і тое ж ён не есць»

Алена таксама пазнаёмілася са сваім партнёрам на працы: уладкавалася ў буйную кампанію і закахалася ў калегу. Кажа, што гэта быў з выгляду нічым не выбітны хлопец, але са сваёй харызмай, якая і зачапіла. Да таго ж ён прыгожа заляцаўся, рабіў кампліменты і называў дзяўчыну асаблівай.

– На той момант я ўжо шосты год была замужам, але шлюб быў глыбока няшчасным, – расказвае Алена. – Пазнаёміўшыся з Антонам і зразумеўшы, што можа быць па-іншаму, я вырашыла сысці ад мужа. Спачатку жыла ў сяброўкі, а потым Антон прапанаваў з’ехацца – у кватэру, дзе ён жыў са сваёй мамай.

Той перыяд можна было назваць мядовым месяцам. Мы жылі ў адным пакоі, а яго маці – у іншым. Мне гэта нагадвала падлеткавую гісторыю, калі галоўнае – не шумець і не будзіць маму (хоць мне тады было ўжо 29 гадоў, а Антону – 32). Праз нейкі час я ўгаварыла яго зняць асобную кватэру, таму што псіхалагічна жыць утраіх было некамфортна. Тут уся «весялосць» і пачалася.

Антон адразу папярэдзіў, што мне будзе вельмі цяжка, бо кожны дзень яму трэба гатаваць свежую ежу, а адно і тое ж ён не есць. Таму, калі мы прыязджалі з працы дадому, я адразу станавілася да пліты. І я сапраўды старалася з усіх сіл. Але ў адказ замест кахання і блізкасці атрымлівала холад, дыстанцыянаванне і крытыку.

Мы пачалі часта лаяцца. З-за гэтага было цяжка на працы, таму што нашы працоўныя месцы знаходзіліся ў адным оўпэн-спэйсе, а мы самі павінны былі непасрэдна ўзаемадзейнічаць кожны дзень. Межы нашых працоўных і асабістых адносін сцерліся, усе калегі ведалі пра нас.

Потым пачаліся арэлі: мядовы месяц змяняўся ледзяным душам. Антон не мог вызначыцца, ёсць у нас адносіны ці не. Ён мог сарвацца пасярод ночы і з’ехаць начаваць да мамы. А я ніяк не магла зразумець, што адбываецца.

Гэта, вядома, адбівалася і на псіхалагічным, і на працоўным стане. Яшчэ і кіраўніцтва было вельмі патрабавальным і вечна незадаволеным вынікам. Увогуле, ціск быў з усіх бакоў, а з-за гэтага – сталае напружанне і трывожнасць.

Адносіны між тым скаціліся да банальнага цыкла-сцэнарыя. Спачатку ён кажа, што ў нас няма адносін, дыстанцуецца і паказвае поўную адсутнасць цікавасці. Я, каб абстрагавацца, іду гуляць ці на спатканне. У яго ў адказ пачынаюцца прыступы кантролю і рэўнасці. То ён вінаваціць мяне ў хлусні, то заяўляецца п’яны пасярод ночы з маленнямі «дык давай жа будзем разам назаўжды». А раніцай – пачатак новага цыкла.

Толькі цяпер, пасля працяглай тэрапіі з псіхолагам, я магу спакойна пра гэта расказваць. А да гэтага была на такім эмацыйным дне, што не перадаць словамі.

Мае самаацэнка і самапавага былі разбураны, кар’ера таксама. Адносіны з кіраўніцтвам сапсаваліся, мне перасталі даваць новыя заданні. А паколькі на фірме я працавала на «здзелцы», то было зразумела, да чаго гэта вядзе.

Увогуле, каб захаваць рэшткі розуму, я звольнілася з працы ў нікуды, заблакіравала гэтага аб’юзера ва ўсіх сацсетках і пераехала ў іншы горад. Толькі так у мяне атрымалася ад усяго гэтага вызваліцца.

Ева (33): «Я ўвесь час адчувала сябе нейкай распусніцай і павінна была апраўдвацца»

У Евы аб’юзіўныя адносіны скончыліся крыху менш за год назад. Дзяўчына кажа, што да гэтага часу ўсё не пераварыла, таму складана нават расказваць.

– З Дзянісам мы пазнаёміліся ў жніўні 2021 года ў падарожжы. У першы ж дзень мы неяк адлучыліся ад асноўнай групы і хадзілі разам – размаўлялі, смяяліся, увесь час нешта адзін аднаму расказвалі.

Па вяртанні (а мы тады жылі ў розных гарадах) сталі перапісвацца і стэлефаноўвацца. Па выхадных Дзяніс прыязджаў да мяне. Мы проста гулялі, размаўлялі – і ўвечары ён з’язджаў. Увесь гэты час хлопец быў вельмі ўважлівым, цікавіўся маім жыццём, вывучыў мой інстаграм. А я нарадавацца не магла – нарэшце сустрэла такога прынца.

Аднойчы я шукала сабе новую кватэру ў арэнду, Дзяніс прапанаваў шукаць на дваіх – маўляў, ён пераедзе ў мой горад і будзем жыць разам. Мне спачатку гэта падалося дзіўным: мы малазнаёмыя і яшчэ нават не цалаваліся. А потым прыгадала, што сярод маіх знаёмых ёсць пару чалавек, якія таксама вось так хутка сышліся і жывуць шчасліва ўжо каторы год. Я падумала, што гэта можа быць цікавай авантурай, і пагадзілася.

Аднак прайшоў літаральна тыдзень, і Дзяніс сказаў, што едзе на заробкі ў іншую краіну: з’явілася добрая прапанова, можна паехаць на год, зарабіць, потым вярнуцца, адкрыць свой бізнес і нармальна жыць. Мяне, вядома, гэта засмуціла, бо мы ўжо будавалі сумесныя планы, я шукала кватэру на дваіх і Дзяніс мне сапраўды падабаўся. Пры гэтым я разумела, што не магу (ды і не хачу) прывязваць яго да сябе і казаць, каб ён нікуды не ехаў, таму што не было ніякіх гарантый, што ў нас увогуле нешта атрымаецца.

Праз пару дзён размоў я зразумела, што Дзяніс хацеў з’ехаць з такой умовай, што я буду яго чакаць гэты год. Прапанаваў нават такі варыянт: ён знаходзіць мне кватэру ў сваім горадзе (які значна меншы за мой), плаціць за яе, а я там жыву і гора не ведаю – маўляў, ты ж усё роўна працуеш аддалена. Я, натуральна, адмовілася: навошта мне пераязджаць у горад, дзе асабліва нічога няма, дзе я нікога не ведаю, ды яшчэ і жыць за грошы хлопца, з якім мы знаёмыя пару тыдняў. Як быццам мяне хочуць пасадзіць у залатую клетку, каб я нікуды не падзелася.

У адказ Дзяніс псіхануў, сказаў, што я ніколі яго не разумела, і кінуў трубку. Потым тэлефанаваў, прасіў прабачэння, даслаў мне вялізны букет кветак (мне такіх у жыцці не дарылі), і ўсё неяк замялася.

Яшчэ праз пару тыдняў я пераехала на новую кватэру, Дзяніс дапамог мне перавезці рэчы, сам дакупіў усё неабходнае (посуд, бялізну і іншае). А потым яго паездка за мяжу абламалася. З працы ён да таго моманту ўжо звольніўся, таму без праблем пераехаў да мяне. Хутка знайшоў працу ў маім горадзе, і з кастрычніка мы пачалі жыць разам.

Першы час я вельмі кайфавала. Па-першае, нам удваіх было камфортна: і ў асабістым плане, і ў бытавым, і ў сексуальным. А па-другое, Дзяніс так акуратна атачыў мяне ўвагай і клопатам, якіх у мяне ніколі не было, што я адчувала сябе як на воблаку.

Але гэты мядовы месяц хутка скончыўся. Трывожныя званочкі сталі з’яўляцца ўсё часцей, звінець пачыналі ўсё гучней, але я старанна заплюшчвала вочы.

Калі мне ў асабістыя пісаў наш агульны знаёмы (напрыклад, спытацца, ці паедзем мы ў нейкую паездку), Дзяніс пачынаў скандал, якога хера той мне піша. Калі я выкладвала ў інстаграм фота ў дамашніх шортах – скандал («для каго ты гэта паказваеш?»). Калі я адна выходзіла з дома – на трэніроўку ці нават у бліжэйшую да дома краму, – у свой адрас потым атрымлівала такія «жартачкі», як быццам рэальна за кожным вуглом мяне чакае нейкі мужык, з якім я там жа і займаюся сексам. Я ўвесь час адчувала сябе нейкай распусніцай і павінна была апраўдвацца.

Яшчэ я ўвесь час сутыкалася з абясцэньваннем сваёй працы. Я працавала аддалена з дому, але нагрузка была вельмі вялікай, плюс у той перыяд я брала падпрацоўку – то бок сядзела за кампом з раніцы да вечара, не паднімаючы галавы. А калі казала, што стамілася, у адказ бачыла ўхмылку: маўляў, вой, што ты там стамілася, ты ж дома сядзела. Вось я езджу кожны дзень на працу, я сапраўды стамляюся.

У нейкі момант Дзяніс вельмі акуратна прызнаўся, што залез у мой тэлефон, пакуль я была ў душы, і пачытаў перапіскі. Вельмі прасіў прабачэння і казаў, што больш гэта не паўторыцца. Я адрэагавала на гэта спакойна, таму што ведала, што нічога такога ў гэтых перапісках няма: калі мы пачалі жыць разам, я спыніла ўсе асабістыя зносіны з хлопцамі. Але Дзянісу пагроза бачылася ва ўсім, таму нават з-за любой рэакцыі ад старога знаёмага мне прылятала. Ён казаў, што гэта мае «аднакаленныя паклоннікі», якія толькі і чакаюць, што мы расстанемся.

Пароль на тэлефоне я, дарэчы, не мяняла, таму што сапраўды лічыла, што мне няма чаго хаваць. Ну і паверыла, што ён больш не будзе лазіць. Але ён не тое што не спыніўся, а стаў рабіць гэта ледзь не ў адкрытую – і кожны раз на мяне вылівалася вядро памыяў пасля. Пры гэтым сам ён перапісваўся нават з былымі (я аднойчы ўбачыла).

Падчас скандалаў ён увесь час гарлапаніў, кідаў рэчы аб падлогу, некалькі разоў разбіваў свой тэлефон. Казаў такія рэчы, ад якіх у мяне вочы на лоб вылазілі. Я ўсё не магла зразумець, дзе ў выніку праўда: тое, што ён кажа ў мірны час, ці тое, што ён мне выказвае падчас скандалаў. Калі я не хацела лаяцца і сыходзіла ў іншы пакой, каб астыць, ён бег за мной, заціскаў мяне ў куце і працягваў высвятляць адносіны.

Ад фізічнага абмежавання ў мяне пачыналіся істэрыкі, але гэта як быццам яго нават распаляла. Я лічыла поспехам, калі мне ўдавалася паспець забегчы ў ванны пакой і зачыніцца знутры. Я сядзела там на падлозе, рыдала і думала, што я раблю са сваім жыццём.

На наступны дзень пачынаўся стандартны этап гэтага кола гвалту: Дзяніс пачынаў загладжваць віну. Прыносіў кветкі, купляў цукеркі, прасіў прабачэння, прызнаваўся ў каханні, смажыў блінцы і іншае. Думаю, калі б мы жылі асобна, то даўно б рассталіся. Але, калі разам і няма куды хутка з’ехаць, зрабіць гэта больш складана. За пару дзён усё цішэе, згладжваецца і вяртаецца ў звыклае рэчышча.

Фінальнай кропкай для мяне стаў чарговы скандал на роўным месцы, калі Дзяніс давёў мяне да істэрыкі. Я сядзела на канапе, захлыналася слязамі, а ён падышоў і з усёй сілы ўдарыў па канапе нагой. І я зразумела, што не за гарамі момант, калі гэты ўдар прыляціць па мне.

Літаральна за некалькі дзён мне пашанцавала знайсці новую кватэру (бо Дзяніс казаў, што нікуды з’язджаць не збіраецца), але для засялення трэба было пачакаць два тыдні. За гэты час я пашкадавала, што знайшла жыллё. Справа ў тым, што за паўтара года, якія мы былі разам, Дзяніс пасяліў ва мне думку, што «гэта лёс», мы заўсёды будзем разам, у нас сям’я, ён мяне любіць больш за жыццё і калі мы не будзем разам, то ён да канца дзён будзе адзін. І я сапраўды не верыла, што гэтыя адносіны калісьці могуць скончыцца.

Карацей, пасля майго пераезду гэтыя адносіны яшчэ нейкі час працягваліся, а скончыла я іх толькі тады, калі выпадкова зразумела па сторыс іншай дзяўчыны, што, па-першае, Дзяніс пачаў з ёй перпісвацца яшчэ да таго, як я пераехала, а па-другое, нават адправіў ёй падарунак (яна жыла ў іншым горадзе). Толькі ў гэты момант да мяне дайшло, што ўсе яго словы пра каханне, за якія я так трымалася, – лухта. А потым яшчэ праз гаспадыню кватэры ён адціснуў у мяне дэпазіт, які я пакідала пры засяленні.

Сказаць, што мой свет абрушыўся, – нічога не сказаць. Плюс Дзяніс паспеў навесіць на мяне дзікае пачуццё віны, як быццам бы гэта я вінаватая, што ў нас нічога не атрымалася. Нібыта ён усё для мяне рабіў, так кахаў і клапаціўся, а я не шанавала і ўсё пахерыла. І толькі праз месяцы тэрапіі мне ўдалося прыйсці да ўсведамлення, што я таксама шмат рабіла для гэтых адносін, – хаця флэшбэкі перыядычна здараюцца і дагэтуль.

Цяпер я разумею, што Дзяніс, магчыма, ніколі мяне і не кахаў на самой справе. У яго была дзікая няўпэўненасць у сабе і велізарнае жаданне ўзяць мяне пад поўны кантроль – і ўсё гэта прыкрыта сурвэткай кахання, як кажа мая псіхалагіня. З-за гэтай сурвэткі складана ўбачыць, што адбываецца насамрэч. На шчасце, у мяне своечасова атрымалася.

Дарэчы, вельмі класная кніжка «Бойся, я з табой». Яна наўпрост па палічках раскладвае такія сітуацыі, і праз гэта многае пачынаеш разумець – рэкамендую.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Pexels.com.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter