Люди, истории Гісторыя
CityDog.io
8

200 год таму: Мінск – гэта балота, Эльдарада і радзіма Мальера з Вальтэрам

200 год таму: Мінск – гэта балота, Эльдарада і радзіма Мальера з Вальтэрам
Гісторыкі і мастакі спрачаюцца пра тое, як мусіць выглядаць помнік знакамітаму кампазітару Станіславу Манюшку. Тым часам CityDog.by звярнуўся да фактаў і замалёвак з гарадскога жыцця, якое паказвае ў сваіх лістах музыка.

Гісторыкі і мастакі спрачаюцца пра тое, як мусіць выглядаць помнік знакамітаму кампазітару Станіславу Манюшку. Тым часам CityDog.by звярнуўся да фактаў і замалёвак з гарадскога жыцця, якое паказвае ў сваіх лістах музыка.

Праз 5 год Мінск святкуе 200-гадовы юбілей самага знакамітага ў свеце мінчука. Станіслаў Манюшка – кампазітар, аўтар першай беларускай оперы “Сялянка” (“Сельская ідылія”) на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1843 г., 26 кастрычніка

Кватэра мая складаецца з вітальні, з вельмі вялікага пакоя і спальні. Дом гэты стаіць на самым высокім месцы. Цэлая палова горада пад нагамі, можна бачыць усю стужку рэчкі, а Камароўка, Губернатарскі сад і дарога ў Сляпянку як на талерцы, хоць дом размешчаны пасярод горада, тут жа каля Навіцкага. А што найважней – кватэра каштуе мала, 7 рублёў за месяц.

Мінск мусіць ушанаваць памяць геніяльнага кампазітара. Сталічная мэрыя запланавала паставіць помнік Станіславу Манюшку на плошчы Свабоды. І ўсё б было добра, каб не гісторыкі, якія раскрытыкавалі помнік: Манюшка і Дунін-Марцінкевіч сядзяць побач на лаўцы.

Іван Сацукевіч

У чым, уласна, праблема? Аказваецца, у прафанацыі. Мінскі гісторык Іван Сацукевіч упэўнены: “Лавак у XIX стагоддзі ў Мінску не было, а ўзаемаадносіны гэтых асоб былі не самымі лепшымі”. Такое троху дзіўнае для абывацеля меркаванне запаволіла працэс падрыхтоўкі помніка. Гарвыканкам узяў паўзу і плануе сустрэчу ўсіх зацікаўленых бакоў.

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1843 г., 24 чэрвеня (Купалле)

Быў я на менскім балі-маскарадзе! Даволі таго паведаміць, каб ты магла зразумець, як за мае 4 злотыя я быў частаваны. Людзей гэтым разам, не так як заўсёды, было няшмат – але і тых мне хапіла. Распуста, манернічанне, моладзь, дзяўчаты, удовы і замужнія жанчыны… Усе вартыя адзін аднаго!

Бываюць таксама вечары з дамамі. Тут ізноў іншы сэнс рэчаў: танцы займаюць месца картачных столікаў; замест гаманлівай гутаркі ты чуеш палёт і шоргат розных прывабных пантофлікаў і падковак. Музыка рэжа перазвоны ад вуха. Кавалеры прыслугоўваюць паненкам карамелькай ці шклянкай чаго-небудзь.

Тым часам гісторык Алесь Белы, які ініцыяваў збор подпісаў за стварэнне помніка Манюшку, лічыць, што ўсё не так трагічна.

– Спадар Алесь, Дунін-Марцінкевіч і Манюшка сапраўды не любілі адзін аднаго?

 

Алесь Белы

– Напрыканцы 1830-х – пачатку 1840-х, пасля побыту ў Германіі, Манюшка на пэўны час вярнуўся ў Мінск. Дунін-Марцінкевіч быў старэйшы на 11 гадоў, больш дасведчаны, галоўны завадатар мастацкага жыцця ў Мінску. Манюшка, відаць, жыў у яго доме: у адным лісце кампазітар згадвае, што атрымліваў пошту на адрас Дуніна-Марцінкевіча. Але дадае: Вінцэнт быў неакуратны ў фінансавых справах.

 

 

 

 

 

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1843 г., 19 кастрычніка

Не адрасуй болей да Марцінкевіча. Высвятляецца, што гэта чалавек не зусім пачцівы. Хацеў ён тут скруціць аднаму маладому чалавеку належныя яму 800 рублёў срэбрам. Маладзён той, аказваецца, нейкі жартаўнік: (…) выбіраецца ў дарогу дахаты і, выязджаючы, дае на пазвоннае за душу Марцінкевіча, а ў катэдры замаўляе саван, пахавальныя ліхтары, і ўвесь гэты рыштунак высылае да ягонага дому.

Пачынаюць званіць – ты ведаеш, што мінскія званы жартаваць не любяць і што мясцовым разявакам тут ужо рай. Таму кожны пытае: па кім звоняць? Дзяды адказваюць, што гарбаты Марцінкевіч, які жыве за Губернатарскім садам, памёр. Навіна хутка разлятаецца па месце. Трэба ж, на няшчасце, каб сам Марцінкевіч, спаткаўшы тых, хто неслі саван і ліхтары, запытаўся:

– Да каго нясуць?

– Да Марцінкевіча.

– Да якога?

– Да гарбатага.

Гвалт! Сумятня – паліцыя шукае, хто віноўнік фінта? Па ўсім горадзе шукаюць дасціпніка.

Падобнага роду анекдоткі разнастаяць жыццё месцічаў. І дасціпна, і карысна. Сапраўды, Жулкоўскі павінен быць родам з гэтага месца. А пра Вальтэра – аніякага сумневу, што ён мінчук. Не ведаю, чаму Мальер называе сябе французам, калі ледзь не паказваюць вуліцу, на якой у Мінску ён нарадзіўся.

 

А ў 1856 годзе паэт напісаў вельмі ўзнёслы верш на прыезд Манюшкі. То бок у іх не было публічнай варажнечы: стрыманае стаўленне было чыста прыватным, і пра яго даведаліся толькі тады, калі было апублікаванае ліставанне. Сучаснікі пра такія нюансы нічога не ведалі.

 

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1843 г., 30 лістапада

Эх, мая Омка! Што гэта за Мінск! Што гэта за места! Што за жыццё! Што за плёткі! Твой мужанёк выглядае як вожык ці як Яўстах Тыш, калі яму ад бесперапыннага жаху валасы не перастаюць паўставаць дыбарам!

 

– Некаторыя гісторыкі і краязнаўцы лічаць, што праз такія “нюансы” Манюшка і Марцінкевіч не могуць быць побач.

– Станіслаў Манюшка актыўна супрацоўнічаў у стварэнні першай беларускамоўнай оперы, вельмі цікавіўся беларускім фальклорам. А паколькі ў Мінска асаблівы сентымент да Дуніна-Марцінкевіча і творцы гэтыя былі шчыльна звязаныя паміж сабой, то мы маем права падкрэсліваць іх супрацоўніцтва.

 

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1842 г., лета

Падчас сеймікаў у Мінску сардэчна мяне прынялі – і ў першы ж дзень быў я запрошаны да іх на вельмі цудоўны танцавальны вечар, і хоць пачуваўся здарожаным з намулянымі бакамі, давялося ў коле найвышэйшай губернскай эліты выконваць розныя свае сачыненні.

Дунін-Марцінкевіч быў “нумарам адзін” у Мінску таго часу: ён стымуляваў творчасць кампазітара, ствараў для яе перадумовы, быў ініцыятарам напісання музычных твораў. Тое, што яны мусілі стаяць побач, – думаю, добрая ідэя. Але не хацелася б, каб яны сядзелі на лаўцы, я супраць такой вальяжнай эстэтыкі ў дачыненні да гэтага помніка.

З лістоў Станіслава Манюшкі да жонкі

1843 г., 24 чэрвеня (Купалле)

Надакучыў табе? У цябе ёсць рэванш на конных выперадках, на якія паспяшае ўся эліта места. (…) Даволі ўжо коннага майстэрства. Паспяшаемся мы ў Тэатар. Маем Оперу – кампанія пана Шмідгофа дае прадстаўленне – публіка таўчэцца без памяці, а захопленая ў суботу вечаровым Fran Diavolem, каб разнастаіць забаўкі, спяшаецца ў нядзелю да касцёла. Прызнай, што ў Вільні нічога падобнага вы не ведаеце. Ні такіх клубаў, ні коннага майстэрства, ні оперы, ні нават у касцёле забавы вы не маеце. Таму я таксама думаю яшчэ нейкі час пазабаўляцца ў гэтым Эльдарада.

У матэрыяле выкарыстаныя ўрыўкі з лістоў кампазітара да жонкі Алесі з кнігі “Станіслаў Манюшка. Ліставанне 1826–1851” (Мінск, 2010). Калі вы хочаце прыняць удзел у планаванні ўрачыстасцяў да 200-годдзя Станіслава Манюшкі, далучайцеся да групы ў “Фэйсбуку”.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter