Адкрыты зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу (12+)
26 января 2020
Ахова птушак Бацькаўшчыны запрашае фатографаў і аматараў дзікай прыроды на зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Гэта другі зімовы Чэмпіянат па фотабёрдынгу і, як і год таму, удзельнічаць у спаборніцтвах магчыма ў любой кропцы Беларусі.
Што трэба рабіць?
Знайсці партнёра, каб зрабіць каманду, ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой). Падсілкаваць батарэі да свайго суперзума ці камеры з добрым аб’ектывам. Фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе.
А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба 26 студзеня за 5 гадзін – з 10:00 да 15:00 – наздымаць як мага больш розных відаў птушак.
За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны від атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.
Як фатаграфаваць птушак узімку? Вось некалькі парадаў.
Падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.
Як запісацца на чэмпіянат?
Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org. Заяўкі прымаюцца да 17:00 пятніцы 24 студзеня.
Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек. Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для ўдзельнікаў з іншых краін.
Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы на з’ездзе АПБ 8 лютага або потым па пошце.
Фото: Павел Лычковский