Залатая раніца беларускага адраджэння (12+)
27 ноября 2019 - 18 января 2020
СПРАВКИ: здесь
ВХОД: 3 руб.; для школьников, студентов — 1,5 руб.
27 лістапада 2019 г. а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Залатая раніца беларускага адраджэння” ў рамках супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, часопісам “Маладосць”.
1920–я гг. ХХ ст. — “залатое дзесяцігоддзе” — адзін з самых плённых перыядаў у развіцці нацыянальных літаратур былога Савецкага Саюза. Часам гэты перыяд называюць расстраляным адраджэннем (ва ўкраінскім літаратуразнаўстве), расстралянай літаратурай (у беларускім).
У літаратуру прыйшлі маладыя паэты, чыя творчая і грамадзянская свядомасць фарміравалася на скрыжаванні дзвюх галоўных ідэй — нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага пераўтварэння свету.
Пісьменнікі гуртаваліся на базе друкаваных выданняў — часопісаў. Кожная суполка мела на мэце паказаць сваё бачанне развіцця мастацкага метаду і яго рэалізацыю ў літаратуры. Экспазіцыя “Залатая раніца беларускага адраджэння” раскрывае літаратурны працэс Беларусі ў 1920-я гг. праз дэманстрацыю матэрыялаў, звязаных з галоўнымі літаратурнымі згуртаваннямі таго часу — “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”, БелАПП.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца шмат матэрыялаў — фотаздымкаў, дакументаў, лістоў, рукапісаў, кніжных выданняў і графікі тых часоў, што складуць аснову экспазіцыі. Акрамя гэтага на экспазіцыі будуць змешчаны рэдкія дакументы з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кніжныя выданні бібліятэчкі часопіса “Маладняк” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Мерапрыемства прысвечана пісьменнікам-юбілярам 2019 года: А.Бабарэку, М.Лынькову, А.Якімовічу, М.Хведаровічу, П.Трусу, А.Дудару, З.Аксельроду, С.Дарожнаму, В.Маракову, Л.Калюгу, М.Лужаніну, З.Бандарынай, А.Куляшову.
Сярод запрошаных — пісьменнікі і літаратуразнаўцы, якія распавядуць пра жыццё і творчасць паэтаў і празаікаў.
Музей працуе: панядзелак — аўторак, чацвер — субота з 9:30 да 17:30; серада з 9:30 да 19:00.