Ян Камар. Фатограф з Нянькава (0+)
5 февраля 2020 - 1 марта 2020
У год Малой радзімы і з нагоды 100-гадовага юбілею aўтара Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу „Ян Камар. Фатограф з Нянькава”.
Іван Ігнатавіч Камар – адзін са старэйшых фатографаў-аматараў Беларусі. Яго бацькі – простыя сяляне – Ігнат Парфенавіч і Алімпіяда Кліменцеўна з вёскі Нянькава, што на Наваградчыне. У гэтай невялікай і ўтульнай вёсачцы, якую ў свой час уславіў знакаміты беларускі палеантолаг і фалькларыст Уладзіслаў Дыбоўскі, Іван Ігнатавіч пражыў практычна ўсё сваё жыццё.
Пачаўшы фатаграфаваць у 1958 годзе малафарматным „Зенітам-С”, ён працягвае здымаць і сёння, але на лічбавую камеру і смартфон. З 97-гадовым Іванам Камаром мы пазнаёміліся падчас музейнай экспедыцыі, якая шукала аўтара вялізарнага фотаархіва міжваеннага часу.
Тады, у верасні 2017 года, Іван Ігнатавіч уважліва вывучыўшы архіўныя фатаграфіі, знайшоў здымкі сваіх аднакласнікаў, і, не задумваючыся, назваў імя іх аўтара – Сава Сіўко. Гэта сустрэча стала своеасаблівай кропкай адліку, якая дала старт усім наступным знаходкам і адкрыццям. І адным з такіх адкрыццяў стала новае імя на небасхіле творчай фатаграфіі Беларусі 1950-х – пачатку 1960-х гадоў.
Гэта той час, калі ў фатаграфію прыйшлі аматары-самавукі, прадстаўнікі розных прафесій, многія з якіх прайшлі вайну і рэпрэсіі. Часцей за ўсё гэта выхадцы з вёсак – Пётр Таранда з Зарытава, Фёдар Кавалёў („Баразна”) з Неглюбкі, Пётр Хвіневіч („Дзяд”) з Антонаўшчыны, Улляна Мельнік з Чэмерына і зараз Ян Камар з Нянькава.
У 1946 годзе, вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі з арміі ў родную вёску, былы пехацінец Іван Камар некаторы час працаваў у калгасе, а затым краўцом па пашыве мужчынскага адзення ў камбінаце бытавога абслугоўвання ў вёсках Нянькава і Пантусавічы. У 1958-м, аддаўшы дзве сваіх зарплаты за новенькі „Зеніт”, вывучыўшы спецыяльную літаратуру, Іван Ігнатавіч пачаў фатаграфаваць сваіх родных, блізкіх, сяброў і знаёмых.
На першы погляд сюжэты простыя – фота на дакументы, партрэты на памяць сваіх аднавяскоўцаў – дарослых і дзяцей,у іх простым паўсядзённым жыцці, у святы і будні. Звяртаўся і да даволі рэдкіх для вясковага фатографа сюжэтаў – нацюрморта і аўтапартрэтаў-сэлфі.
Дасканалая кампазіцыя, пачуццё кадра, уменне выбраць той самы, неабходны момант здымкі робяць фатаграфіі Івана Камара яркімі і запамінальнымі, дазваляюць адчуць своеасаблівы каларыт беларускай вёскі канца 1950-х – сярэдзіны 1970- х гадоў.
Сёння больш двух тысяч яго фотанегатываў алічбаваны мінскім фотамастаком, куратарам выставы Альбертам Цэхановічам. Для юбілейнай экспазіцыі адабраны найбольш яркія і цікавыя кадры, якія Альберт Цэхановіч надрукаваў уручную з аўтарскіх фотанегатываў на старой фотапаперы 1980-х гг.
Таксама на выставе будуць прадстаўлены найкаштоўнейшыя дакументы сваёй эпохі: школьныя пасведчанні 1930-х гадоў, сшыткі вучня польскай, а затым беларускай савецкай школы Яна Камара, лісты і фатаграфіі з фронту ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Камара і шэраг іншых найцікавых матэрыялаў, перададзеных у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею гэтым дзіўным чалавекам у 2017 годзе.
У рэжыме нон-стоп будзе дэманстравацца прысвечаны фатографу аднайменны кароткаметражны фільм, зняты ў 2019 г. Андрэем Васкрасенскім па сцэнары Альберта Цэхановіча.
Асобным акордам урачыстага адкрыцця выставы стане міні-прэзентацыя альбома- каталога Надзеі Саўчанка „Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага края”, выдадзенага музеем у 2019 годзе пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі JTI ў Беларусі.
Музей працуе: з 11:00 да 19:00 Без выходных.