#Ідэнтычнасць фармуецца праз узаемныя адносіны паміж суб'ектам і супольнасцю і вызначаецца ў гарызонце той уяўнай структуры, з якой індывід сябе асацыюе – #гендар, нацыя, сацыяльны клас і г. д.
Для таго каб быць упісаным у сацыяльныя групы, #індывід павінен умець прымаць або адмаўляцца ад правілаў паводзін і практык знешняга выгляду, адпаведных розным ідэнтычнасцям. Мы можам крытыкаваць гэтыя зададзеныя вобразы і мадэлі, але мы не можам іх ігнараваць. Таму што нашае адзенне, #сексуальнасць, паводзіны – гэта маркеры, на падставе якіх нас прылічаюць да сваіх ці чужых, тых, хто нясе небяспеку (што можа выклікаць #агрэсію і справакаваць #гвалт) або выклікае давер. Такім чынам, індывід трапляе ў свайго кшталту нарматыўны бокс і становіцца зразумелым і прынятым соцыумам або асобнай супольнасцю.
Тым не менш, сёння маладыя людзі ўсё часцей адмаўляюцца вызначаць свой спецыфічны «лэйбл». Яны разумеюць сваю ідэнтычнасць як дынамічную, перарывістую, па-за-бінарную і называюць сябе #квір (амерыканскае размоўнае слова, якім пазначаліся #іншыя, дзіўныя або маргінальныя групы). Такім чынам, квіры становяцца ў апазіцыю грамадству, якое хоча «баксаваць» («нармалізаваць») іх, зразумець іх у канкрэтных тэрмінах, каб ужо потым вызначыць сваё стаўленне да іх.
Вобласць хэштэгаў праекта: #норма, #ідэнтычнасць, #індывід, #іншы, #табу, #квір, #гендар, #сексуальнасць, #памяркоўнасць, #гвалт, #соцыум, #каханне, #чужы, #страх, #давер, #цялеснасць ды інш.
Што стаіць за кожным з іх для індывіда, соцыуму, свету ў цэлым? Як мы іх разумеем ды інтэрпрэтуем? Што ёсць нормай для нашага грамадства, і дзе праходзіць мяжа яго памяркоўнасці? Ці можам мы памысліць сябе па-за «боксам» установак, для таго каб самім «нармаваць» сваю ідэнтычнасць і ажыццяўляць над ёй кантроль?
Мастакі: група «Бергамот» (Беларусь/Польшча), Анатоль Бялоў (Украіна), Жанна Гладко (Беларусь), Міхаіл Гулін (Беларусь), Аляксей Лунёў (Беларусь), Таццяна Рэўт (Беларусь), Вольга Сасноўская (Беларусь), Тыльда Сўінтан (Велікабрытанія)&Сандра Коп (Германія/Новая Зеландыя), лусінэ талалян / арт-група «Queering Yerevan» (Арменія), Вольфганг Тыльманс (Германія), Сяргей Шабохін (Беларусь).А таксама Аляксей Барысёнак&Інга Ліндарэнка&Антон Сарокін (аўдыяэксплікацыя).
Куратары: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Інга Ліндарэнка, Валянціна Кісялёва.
Куратарка суправаджальнай праграмы: Ана Лакціёнава (To Be.Queer). Партнёр суправаджальнай праграмы: Makeout.by (Вікторыя Біран)*
Выстава не прызначаная для прагляду асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, а таксама не рэкамендуецца да прагляду асобам, якія прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў на сэксуальныя адносіны!
Адкрыццё выставы адбудзецца 12 верасня а 19:00 у Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці 37а). Уваход па запрашальных! У пытанні акрэдытацыі звяртацца: a.gubskaja@gmail.com
Выказваем адмысловую падзяку Олівэру Эвансу (Галерэя «MAUREEN PALEY», Лондан).
* З 8 па 14 верасня ў лофце «Балки» адбудзецца выстава унікальнага для Беларусі фотапраекта на тэму КВІР-ідэнтычнасці «Камін-аўт», арганізаваная Makeout.by.