Выставка к юбилею исследователя белорусского края (0+)
11 марта 2021 - 2 мая 2021
11 сакавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё выставы «Руплівец беларускай даўніны», прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Сапунова.
Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851–1924) адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі.
Аляксей Сапуноў – адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна- археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 г. паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).
Выстава «Руплівец беларускай даўніны» створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Сярод іх біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі, перапіска з даследчыкамі. Прадстаўлены рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых прац.
Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі − рукапісная праца «Гісторыя г. Віцебска», якая, на жаль, так і не была выдадзена. На выставе ўпершыню шырока будзе прадстаўлена калекцыя кніг з бібліятэкі віцебскага рупліўца. Выданні, пазначаныя адметным уладальніцкім подпісам і адмысловай ціснёнай пячаткай.
Адзін з раздзелаў выставы раскрые гісторыю паступлення выданняў з кнігазбору Аляксея Сапунова ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Найбольш каштоўны з атрыманых тады кніжных помнікаў стане галоўнай інтрыгай выставы.
Музей працуе:
- аўторак, серада, пятніца, 10:30–19:00;
- чецвер, субота, нядзеля, 10:00–18:00.
Выходны: панядзелак.