У 1910 годзе на Міжнароднай канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене Клара Цэткін і Роза Люксембург сышліся ў меркаванні, што неабходна свята, якое б папулярызавала раўнапраўе жанчын і мужчын у грамадстве.
Праз стагоддзе дзень Восьмага сакавіка, які прызначаны папулярызаваць павагу да жанчыны і яе працы, звярнуць увагу на магчымасці сацыяльных, палітычных ды эканамічных правоў абодвух полаў, звёўся да нагоды падарыць кветкі і цукеркі, апяваючы жаноцкасць, прыгажосць і мацярынства.
Дзяўчыны на палотнах маладога мастака Міхася Мішука прапануюць выбар у залежнасці ад вашага ўласнага тлумачэння Міжнароднага жаночага дня: змаганне “за” або ўслаўленне “дзеля” – і наўрад ці іх турбуе, якога вы полу.
Міхась Мішук нарадзіўся ў горадзе Мар’іна Горка ў 1989 годзе. Скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка ў 2008 годзе, а у 2014 атрымаў дыплом Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2010-га займаецца стрыт-арт-постарам на мінскіх вуліцах. Удзельнік выстаў у галерэі “Ў” (“Мара марака”, “Дыплом”, “Структурызацыя”) і аўтар праекта “Міф аб мінчуках і продках іх няміжцах” да Ночы музеяў у 2015 годзе.
Фото: 1104.by