Вяртанне на радзіму (12+)
16 мая 2019
2019 год афіцыйна абвешчаны Соймам Рэспублікі Польшча і ЮНЕСКА Годам Станіслава Манюшкі. Пятага траўня славутаму сыну двух блізкіх народаў спаўняецца 200 гадоў.
Станіслаў Манюшка - прызнаны класік польскай оперы, але вытокі яго музычнага талента варта шукаць тут, у Беларусі, на малой Радзіме кампазітара - Міншчыне. На працягу многіх гадоў ён цесна сутыкаўся з беларускай культурай, з дзяцінства палюбіў народныя звычаі, мелодыі беларускіх песень, што безумоўна адбілася на яго творчасці. Першыя музычныя ўрокі Станіслаў Манюшка атрымаў ад маці, якая захаплялася музыкай і тэатральным мастацтвам, а хатнія спектаклі на ўсё жыццё падаравалі яму любоў да тэатра. Імя кампазітара непарыўна звязана з Мінскам: тут ён вучыўся ў мінскай класічнай мужчынскай гімназіі, наведваў музычную школу пры мінскім гарадскім аркестры пад кіраўніцтвам Дамініка Стэфановіча, мінская публіка бачыла прэм’еры большасці яго опер, у Мінску склаўся творчы і сяброўскі дуэт Станіслаў Манюшка - Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Разам класікі стварылі выдатныя ўзоры нацыянальнай оперы, сярод іх: першая опера на беларускай мове – “Сялянка”, прэм’ера якой адбылася ў лютым 1852 года ў мінскім гарадскім тэатры.
У 1952 годзе на сцэне галоўнага тэатра краіны - Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (цяпер Вялікі тэатр Беларусі) адбылася прэм’ера камічнай оперы “Страшны двор” С. Манюшка. Праз шэсцьдзесят з лішнім гадоў музыка Станіслава Манюшкі зноў прагучыць са сцэны беларускага Вялікага тэатра і стане метафарычным запрашэннем на Радзіму выдатнага беларускага кампазітара.
Іван Касцяхін, дырыжор:
- У праграме канцэрта - творы розных перыядаў творчасці кампазітара. Вядома, мы закранём яго асноўныя, этапныя творы - оперы “Галька” і “Страшны двор”. Прагучаць дзве арыі Галькі (дарэчы, адна з іх заснавана на тэме беларускай народнай песні, генетычна вырасла з яе), думкі Йонтека, вядома, прагучыць знакамітая арыя Стэфана з “Страшнага двара”, арыі Скалубы і Мечніка, цудоўны ўзор лірыка-каларатурнай арыі - арыя Ганны. Спадзяюся, што пакажам адзін-два нумары з камічнай оперы “Verbum nobile” у беларускім перакладзе Дар’і Вашкевіч, а таксама балетны дывертысмент з музыкі да спектакля “На пастоі”, некаторыя харавыя сцэны з опер “Галька” і “Страшны двор”.
Беларуская мова не была чужой для Станіслава Манюшкі, больш за тое - у яго “Сялянцы” лібрэта, як вядома, утрымлівае некалькі беларускамоўных сцэн, што ў той перыяд патрабавала грамадзянскай мужнасці. Менавіта таму беларуская мова будзе гучаць са сцэны, бо нават для тых твораў, для лібрэта якіх у якасці асноўнага разумелася польская мова, існуюць літаратурныя пераклады, напрыклад, Максіма Танка, якія не парушаюць мелодыкі і рытмікі твора.
Алег Лясун, дырыжор:
- Праграма канцэрта была складзена зыходзячы з папулярнасці твораў і нумароў, мы выбралі найбольш яскравыя арыі і дуэты са знакавых опусаў Станіслава Манюшкі: “Галька”, “Страшны двор”, “Графіня” і адзіная якая захавалася партытура балета “На пастоі”. Мы вырашылі зрабіць акцэнт на гэтым і найбольш вядомыя нумары з гэтых опер: думка Йонтека, арыя Галькі, песня Броні з оперы “Графіня”, арыя Стэфана і арыя Скалубы, якая стане фінальнай кропкай сцэны з оперы “Страшны двор”, якая навеяная ўспамінамі Манюшкі аб жыцці ў Беларусі, пра сваіх родных, пра месцы, дзе ён бываў. Гэта яго карані і вытокі яго творчасці: чалавек нарадзіўся на беларускай зямлі, ён атрымаў тут адукацыю, увабраў тутэйшую культуру.