Выставки

Віза ў Вырай (6+)

17 - 30 ноября 2017

Галерэя «Прадмесце»

Минск, ул. Сторожевская, 6

Справки: +375 17 238 88 22

Вход: уточняется.

Віза ў Вырай (6+)

З 17 па 30 лістапада 2017г. галерэя «Прадмесце» запрашае наведаць выстаўку Ганны Сілівончык «Віза ў Вырай». 

Людзі з даўніх часоў з зайздрасцю і захапленнем глядзелі на птушак і бачылі ў іх загадкавых і містычных істот. У міфапаэтычных традыцыях шматлікіх народаў птушка займае значнае месца. Шмат дзе мы сустракаем старажытны касмаганічны міф аб узнікненні з яйка сусвету і птушках-дэміургах.  На Сусветным дрэве птушка знаходзіцца на яго вяршыне і супрацьпастаўляецца хтанічным істотам, часцей за ўсё змеям, месца якіх было ў каранях дрэва. Птушкі могуць з'яўляцца багамі, веснікамі багоў, героямі, пераўтворанымі людзьмі, татэмнымі продкамі, праваднікамі душ і г.д.

    Мы ведаем мноства казачных, чароўных і прарочых птах, але і самыя звычайныя не такія простыя як здаецца на першы погляд. У прадстаўленні славян толькі птушкі і змеі пры жыцці кожны год на зімоўку трапляюць у Вырай  -  цудоўную мясціну, куды накіроўваюцца душы ўсіх памерлых, міфічную краіну вечнага лета і цяпла.  Толькі яны могуць атрымаць шматразовую «Візу ў Вырай» - чароўны квіток у неверагоднае і дзівоснае. Цікава, што душы людзей, адлятаючы ў Вырай, пераўтвараюцца ў птушак. У фальклоры сустракаецца матыў замыкання і адмыкання Вырая, залатымі ключамі ад якога валодае  часцей за ўсё  жаваранак. «Выраем» зваўся і птушыны клін, што ляціць у цёплыя краі.

 Птушыныя вобразы нездарма так часта сустракаюцца ў карцінах Ганны Сілівончык. Кожны мастак імкнецца да «творчага палёту», марыць здабыць «крылы натхнення». Але натхняючыся вядомымі міфамі, легендамі і паданнямі, спалучаючы і параўноўваючы гісторыі розных часоў і народаў, мінулае і сучаснасць, архетыпічнае і суб'ектыўнае, мастачка складае новыя казкі, стварае ўласную міфалогію. 

Галерэя працуе:

11:00-19:00, нядзеля – 11:00-18:00