Музычны Дом «Класiка» у межах Камернага музычнага тэатра «Галерэя» прадстаўляе прэм’еру аднаактовай оперы знакамітага беларускага кампазiтара Станiслава Манюшкi “Verbum Nobile” («Слова гонару»).
Сусветная прэм’ера оперы “Verbum Nobile” адбылася ў Варшаве ў 1861 годзе, дзе Станiслаў Манюшка жыў i працаваў у той час. Спектакль нiколi не iшоў на тэрыторыi Беларусi. Тэатр “Галерэя” вырашыў вярнуць гэты твор на радзіму аўтара і прадставіць яго беларускай публіцы.
Сюжэт лiрычна-камедыйнай оперы “Verbum Nobile” грунтуецца на актуальнай стагоддзямi тэме кахання:
Малады шляхціч Станіслаў са сваім служкам Барташам, стаўшы ахвярай нешчаслівага здарэння, знаходзяць прытулак у пана Лагоды, дзе хворага хлопца даглядае дачка пана, Зося. Вядома, паміж маладымі людзямі ўспыхвае каханне. У дзень iмянiнаў Зосi, Станiслаў прапануе каханай руку i сэрца. Але шлюб іх немагчымы, бо бацька Зосі, пан Лагода, даў слова гонару выдаць дачку замуж за сына свайго прыяцеля. У адказ на пратэсты Зосi і Станіслава раззлаваны Лагода дае новую клятву: ні пры якіх абставінах яго дачка не пабярэцца шлюбам са Станіславам. Юнак вырашае з'ехаць…
... Сталасць i маладосць, гонар i каханне – якiм будзе выбар?!.
Менавiта пра гэта даведаюцца ўсе гледачы падчас прэм’еры.
Яны таксама змогуць убачыць шмат цiкавых i арыгiнальных прыёмаў сучаснай пастаноўкi, а галоўнае, паглыбяцца ў новы для Беларусi жанр камернага музычнага спектакля.
Склад спектакля гарманiчна сбалансаваны: маладыя i таленавiтыя артысты працуюць побач са сталымi прызнанымі майстрамi сцэны. Сярод выканаўцаў галоўных партый: Анатоль Галкiн, Арцём Хамiчонак, Галiна Дубiцкая, Аляксандр Жукаў, Сяргей Кiлеса, Дзмiтрый Капiлаў i Валерый Маicеенка.
Дырыжор-пастаноўшчык – Iван Касцяхiн
Рэжысёр-пастаноўшчык – Алена Медзякова
Хормайстар – Жанна Фiлiповiч