Вандроўка (18+)
29 января 2019 - 8 февраля 2019
Праграма абмену студэнтамі паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Універсітэтам мастацтваў г. Лінца распачалася ў 2012 годзе як сумесны праект «Прыорбанк» ААТ, Аўстрыйскага культурнага форуму, БДАМ і Універсітэта мастацтваў г. Лінца.
Штогод маладыя мастакі – студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ) маюць магчымасць на працягу семестра атрымоўваць новы творчы вопыт у Аўстрыі, у Універсітэце мастацтваў г. Лінца, а студэнты з Лінца – асвойваць новыя мастацкія тэхнікі ў БДАМ.
Юрый Сяргейчык – студэнт 5 курса мастацкага факультэта БДАМ (спецыяльнасць «Жывапіс (выяўленчае рашэнне фільма)»), актыўны ўдзельнік студэнцкага цэнтра сучаснага мастацтва «Alla prima». На працягу вясновага семестра 2017–2018 навучальнага года ён займаўся ў Універсітэце мастацтваў г. Лінца, у класе жывапісу і графікі прафесара Урсулы Хюбнер.
Персанальная выстава «ВАНДРОЎКА | WANDERUNG» стала творчай справаздачай маладога мастака. Сваёй творчасцю аўтар распавядае пра каханне, хуткаплыннасць моманту, пра сэнс жыцця і ўнікальнасць кожнага імгнення. У экспазіцыю ўвайшлі жывапісныя творы, фотафільм, тыражная і ўнікальная графіка – творы, выкананыя падчас навучання маладога мастака ў Аўстрыі.
Юрый Сяргейчык працуе ў самых розных мастацкіх тэхніках. Ён валодае ўнікальным мастацкім почыркам, які адрозніваецца стрыманым, але жывым малюнкам і мяккім нюансным каларытам. Мастак стварае вялікую колькасць хуткіх замалёвак, у якіх пры дапамозе мінімальных мастацкіх сродкаў адлюстровываюцца ідэі, сюжэты і характары. Адным з захапленняў аўтара з
з'яўляецца фатаграфія. Валоданне аналагавай тэхнікай фатаграфавання дазваляе яму ствараць атмасферныя і камерныя кадры, якія прасякнуты экзістэнцыяльна-лірычным настроем.
Выстава будзе цікавая не толькі спецыялістам у галіне мастацтва, але і ўсім, каго цікавяць актуальныя тэндэнцыі ў сучасным маладым мастацтве Беларусі.
Час працы: панядзелак-чацвер 15:00-18:00