Вандроўка (0+)
27 марта 2020 - 3 мая 2020
27 сакавіка а 17-й гадзіне ў Мастацкім музеі адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Юрыя Платонава “Вандроўка”. У сваіх творах Юрый Платонаў перадае ўсю разнастайнасць рэальнасці вакол нас, узнаўляе адчуванне ад убачанага, дапаўняючы свет яркімі адценнямі і тонамі.
Функцыянальнай асновай твораў мастака становіцца колеравая гармонія, а зачаравальны каларыт і імклівая дынаміка робяць палотны аўтара эфектнымі і запамінальнымі.
Значнае месца ў творчасці гомельскага мастака займае праца на пленэры. У жывым судотыку з наваколлем нараджаецца той стан, які дазваляе надаваць яго творам акрамя выяўленчай эстэтыкі і яскравай візуальнасці асаблівую энергетыку, своеасаблівы “нерв”, экспрэсіўнасць.
У сваіх пейзажах мастак “уключае” гледача ў працэс судотыку са светам вакол нас, акцэнтуючы ўвагу не на стане прыроды, а на стане чалавека. У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 20 жываісных палотнаў, створаных мастаком за апошнія гады.
“Вандроўка” Юрыя Платонава – гэта і ёсць яго жыццярадаснае творчае падарожжа, якое напоўнена святлом і колерам і ўзвышае над штодзённасцю.
Музей працуе: 11:00 – 19:00.