Нацыянальны гістарычны музей запрашае на прэзентацыю новай навукова-папулярнай кнігі Мікалая Плавінскага і кніжнай серый па ваеннай гісторыі Беларусі.
Кніга прысвечана гісторыі ўзбраення насельніцтва беларускіх земляў у Х–ХІІІ стст. У навукова-папулярнай форме апісваюцца асноўныя катэгорыі старажытнарускага ўзбраення, паходжанне, час і асаблівасці выкарыстання пэўных відаў наступальнай зброі і засцерагальнага ўзбраення. Тэкст суправаджаецца шматлікімі ілюстрацыямі, высакаякаснымі прамалёўкамі, каляровымі фотаздымкамі найцікавейшых знаходак з тэрыторыі Беларусі.
У межах вечара будзе прэзентавана новая ўнікальная кніжная серыя па ваеннай гісторыі Беларусі. Першая ў серыі -- кніга Зміцера Матвейчыка, прысвечаная паўстанню 1863 года на Беларусі.
Мікалай Плавінскі – беларускі археолаг і гісторык, кандыдат гістарычных навук. Займаецца вывучэннем пытанняў гісторыі старажытнарускай зброі, матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X –XIII стст., археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар и сааўтар больш як 90 навуковых артыкулаў і 6 манаграфій.