З 29 траўня па 2 чэрвеня ў рамках Тыдня Швецыі ў Мінску ў кінатэатры “Піянер”пройдзе Фестываль шведскага кіно. Уваход на фестываль вольны. Квіткі на фільмы можна атрымаць бясплатна ў касе кінатэатра з 12.00 у дзень паказу.
Разам з кінафестывалем 29 траўня ў фае кінатэатра «Піянер» адкрыецца шведская фотавыстава #enjoysweden (“Атрымай асалоду ад Швецыі!”), якая будзе працаваць да 11 чэрвеня.
#enjoysweden — гэта шведскі краўдсорсінгавы фотапраект, рэалізаваны праз сацыяльную сетку Інстаграм у 2013 годзе. Цягам года звычайныя людзі выкладвалі свае ўлюбёныя фотаздымкі з хэштэгам #enjoysweden. Ініцыятарамі праекта выступілі два браты са Швецыі – Альбін і Оскар Понерт. У іх не было вызначаных правілаў удзелу – кожны мог па-свойму даследаваць гэту тэму. Пасля таго, як было апублікавана 60 000 фотаздымкаў, прафесійнае журы вылучыла 240 лепшых, з якіх потым стварылі фотакнігу. Журы шукала цікавыя, незвычайныя, дзівакаватыя, цудоўныя, асабістыя інста-моманты, якія маглі б распавесці пра Швецыю.
29 траўня а 18.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестываля і выставы з удзелам Пасла Швецыі Марціна Оберга і паказ мастацкага фільма культавага шведскага рэжысёра Лукаса Мудысана “Мы лепшыя!” (2013).
Стакгольм, 1982 год. Фільм пра трох дзяўчат-падлеткаў, якія ад няма чаго рабіць бадзяюцца па вуліцах. Яны адначасова смелыя і задзірлівыя, моцныя і слабыя, дзівакаватыя і разгубленыя. Не маючы ўласных інструментаў, дзяўчаты ствараюць панк-гурт, нягледзячы на тое, што ўсе наўкола крычаць, што панк мёртвы.
30 траўня а 19.00 запрашаем на дакументальную стужку Крысціны Ліндстром “Астрыд” (2015).
Піпі Доўгаяпанчоха”, “Эміль з Лёнэберга”, “Карлсан-з-даху”. Кнігі Астрыд Ліндгрэн прадаюцца 150 -мільённым накладам, а сама яна ўваходзіць у дзясятку самых чытаных аўтараў свету. Але кім была Астрыд і адкуль пачынаюцца яе гісторыі?
31 траўня а 19.00 будуць дэманстравацца кароткаметражныя шведскія фільмы: “Жывёлы, якіх я забіў мінулым летам” (2012), “Кветкі Бенжаміна” (2012), ”Танцуй пад музыку цяпер” (2012), ”Грыбок” (2010), “Вялікая паўночная гара” (2015), “Кіскі “руляць” (2013), ”Мёртванароджаны” (2014), ”Вось гэтак цяпер” (2012), ”Распрані мяне” (2013).
1 чэрвеня а 19.00 запрашаем паглядзець фільм Джона О. Ульсана “Дзівосы Віскана” (2015).
Б’ярнэ і Малін жывуць на беразе ракі Юнган і разам кіруюць фірмай па перавозках. Справы ідуць не вельмі добра, і ім трэба пазычыць грошы ў банку. Каб уратаваць фірму, Малін вырашае паехаць на іншы бераг да цесця і пераканаць яго стаць гарантам пазыкі. Пра гэта рашэнне ей давядзецца потым моцна пашкадаваць.
2 чэрвеня а 19.00 Фестываль шведскага кіно завершыцца мастацкай стужкай Лізы Лангсэт “Гатэль” (2013).
Эрыка мае ўсё: добрую працу, шмат сяброў і надзейныя стасункі. Пакуль усё гэта раптоўна не разбураецца. Яна пачынае наведваць тэрапеўтычную групу, у якой збіраюцца людзьмі з рознымі душэўнымі траўмамі. Яны пачынаюць разам шукаць магчымасць ажыццявіць “перазагрузку”…