Выставки

Тут быў Вася

29 августа 2014 - 13 сентября 2014

Дворец Республики

Минск, Октябрьская пл., 1

Справки: тут.

Вход: цена уточняется.

Тут быў Вася

29 жніўня ў 17:00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу Васіля Пешкуна “Тут быў Вася”. Васіль Пяшкун – адзін з нешматлікіх сучасных мастакоў, якія практыкуюць пленэрны жывапіс. Творы аўтара – гэта своеасаблівы дзённік яго назіранняў і ўражанняў. Амаль ва ўсе свае вандроўкі Васіль выпраўляецца з эцюднікам і фарбамі. 
Непаўторныя і каларытныя твары розных гарадоў і краін складаюцца 
з легкай рукі мастака ў галерэю выразных і характэрных партрэтаў. Кожнае месца, якое зацікавіла і кранула яго, атрымлівае ўвасабленне ў работах. Часцей за ўсе мастак натхняецца беларускімі краявідамі і амаль што ў любое надвор’е яго можна ўбачыць на вуліцах Мінска. Васіль Пяшкун на свае палотны пераносіць не толькі архітэктурныя рысы горада, але і наша хутказменлівае жыццё. 
Не абыходзіць мастак сваёй увагай і такі жанр як нацюрморт. Простыя рэчы і прадметы з штодзённага побыту, куточак майстэрні з фарбамі 
і пэндзлямі, лаўка ля старога калодзежа, атрыбуты і прылады сельскай працы 
ў арыне пад страхой, кветкі і садавіна – вось героі яго карцін. Гэткая немудрагелістасць сюжэтаў і кампазіцый схіляе гледача да разважанняў, прымушае адчуць тонкае хараство і праяву сусветнай гармоніі ў будзённым і звыклым. 
Разглядаючы творы Васіля Пешкуна, мы пераносімся ў тыя мясціны, дзе бываў мастак, разам з ім захапляемся і здзіўляемся прыгажосці і велічы прыроды: стромкасці гор, празрыстай чысціні азёр, рытмам вялікіх гарадоў і павольнаму дыханню невялічкіх вёсачак. Кожны можа выправіцца ў гэта прыемнае падарожжа, для якога не патрэбна ні збіраць вялізку, ні набываць квіткі. 
Васіль Пяшкун нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гомелі. Скончыў Гомельскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “манументальны жывапіс”. З'яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, мае больш за дзесяць персанальных. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі Сіці (ЗША), беларускім пасольстве ў Будапешце (Венгрыя), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Италіі, Францыі.

Выстава будзе працаваць з 29 жніўня да 13 верасня 2014 года. 
Наш адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, Кастрычніцкая пл.,1 (Палац Рэспублікі). Тэл.: +375 17 327 26 12. 
Мы працуем: 11:00 – 19:00. Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.