Выставки

The Pink Mark

20 июля 2015 - 2 августа 2015

Цэх

Минск, ул. Октябрьская, 16

Даведкі: тут.

Уваход: свабодны

The Pink Mark

З 20 ліпеня па 2 жніўня 2015 г. у прасторы ЦЭХ (Кастрычніцкая, 16) пройдзе выстава мастака Даніэла Эйзенхуда (Швейцарыя) «Ружовы трохкутнік» (The Pink Mark).

Арт-праект «Ружовы трохкутнік» (The Pink Mark) - гэта спроба канструявання і дэканструкцыі нормаў. Вельмі часта паняцце «нормы» выкарыстоўваецца ўладарнымі групамі для адчужэння, дэгуманізацыі і дыскрымінацыі ўсіх тых, хто не адпавядае зададзеным «нормам».

У рамках сваёй выставы Даніэл Эйзенхуд (danieleisenhut.com) узновіць вобразы гісторыі пераследаў і масавага знішчэння нацыстамі прадстаўнікоў розных этнічных і сацыяльных груп (габрэяў, гомасэксуальных мужчын, людзей з інваліднасцю, камуністаў, людзей розных этнасаў і інш.) у перыяд нацысцкай Германіі.

Як кажа сам Даніэл: «Я габрэй і я не хачу замоўчваць той факт, што падчас Халакоста знішчаліся не толькі габрэі. У маім родным горадзе няма помніка геям ці цыганам, знішчаным у гэты жахлівы час. Ніхто не павінен выцясняцца з гісторыі».

Выстава складаецца з дзвюх частак:

• серыі работ «Ружовы трохкутнік» - графічных малюнкаў людзей-мадэляў розных ідэнтычнасцяў

• і серыі «Голыя жанчыны - мёртвыя мужчыны» - рэтраспектывы дзіцячых успамінаў мастака аб дакументальных фотаздымках, зробленых у канцэнтрацыйных лагерах.

Гледачы змогуць пазнаёміцца з працэсам стварэння работ знутры. Мастак разам з мадэлямі будзе ствараць работы да выставы ў Мінску з 10 ліпеня. Глядач зможа ўдзельнічаць у арт-праекце пасродкам канструявання, якое выключае «нормы», і наступнай яго дэканструкцыі праз групавую самарэфлексію.

Адкрыццё выставы адбудзецца 24 ліпеняа 18:00 пры падтрымцы ўкраінскага праекту Kate in the box (урбаністычныя мінімал-электроніка з невялікай колькасцю голасу і жывой перкусіяй з падручных прадметаў).

Таксама ў рамках выставы 26 ліпеня а 16:00 адбудзецца панэльная дыскусія на тэму «Перадумовы і забытыя ахвяры Халакосту» (вядучымі спікерамі будуць Аляксей Братачкін, Сяргей Драздоўскі, Наталля Манькоўская).

1 жніўня а 15:00 пройдзе воркшоп на тэму “Гендэр і норма: пераадольваючы сацыяльную сегрэгацыю” (Таццяна Шчурко) (па папярэдняй рэгістрацыі).

Уваход на ўсе мерапрыемствы выставы вольны (18+)

Час працы выставы: з 12:00 да 22:00.

Арт-праект «Ружовы Трыкутнік» рэалізуецца беларускім праваабарончым цэнтрам «Ідэнтычнасць» і культурніцкай ініцыятывай ToBeQueer.

Куратары выставы — Кацярына Борсук і Ганна Лакціёнава.