Выставки

Сусвет унутры

4 - 20 сентября 2015

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Справки: тут.

Вход: бесплатный.

Сусвет унутры

Арт-праект Беларускага дзіцячага хоспіса, Галерэі ”Ў” і Беларускага народнага банка адкрыў свету творчы патэнцыял асаблівых дзяцей

Чаго хочуць дзеці ўсяго свету? З разбегу скочыць у сярэдзіну глыбокай лужыны, зляпіць найвялікшы снежны замак, злавіць рыбу толькі для того, каб спытаць у яе, як справы ў марскім каралеўстве, і як пачуваецца русалачка. Усе гэтыя гульні наўрад ці даступныя дзецям з асаблівасцямі развіцця.

Падапечныя Беларускага дзіцячага хоспіса не заўсёды маюць магчымасць камунікаваць з намі, часам яны замкнёныя ўнутры сваіх целаў, пакояў, сем’яў. Тады іх свет – гэта дом, сквер паблізу; сябры – гэта сям’я, а любы кантакт са знешнім асяроддзем – выпрабаванне для здароўя дзіцяці, для яго бацькоў і для кансерватыўна настроенага грамадства. Аднак гэта не робіць іх унутраны свет і іх мары абмежаванымі; яны яркія і смелыя, але крыху іншыя, не такія, як у большасці. Слабыя, у нашых вачах, дзеці з’яўляюцца пунктам апоры сям’і, тым сонцам, вакол якога пракладаюць свой шлях астатнія планеты.

Мы мала ведаем пра гэтыя сусветы, яны схаваныя ад нашых позіркаў, таму што гарады створаныя не для іх, таму што людзі шкадуюць іх і разам з тым пабойваюцца. Але дзеці, нават калі грамадства не гатовае прыняць іх такімі, як яны ёсць, застаюцца дзецьмі ў любой сітуацыі. Там, дзе мы знаходзім толькі сцены ды бар’еры, дзіця можа ўбачыць чароўны свет, у якім людзі лётаюць, цмокі сябруюць з каровамі, і каб сарваць спелы яблык з вяршаліны дрэва, не трэба караскацца, дастаткова крыху прыўзняцца над зямлёю. Гэты дзівосны свет, у якім магчыма ўсё, – творчасць.

Сёлета ў межах Арт-праекта "Сусвет унутры" Дзіцячыя творчыя майстэрні галерэі “Ў” пры падтрымцы Беларускага народнага банка паспрабавалі зазірнуць у дзівосныя сусветы дзіцячых душ і правялі серыю мастацкіх заняткаў з дзевяццю дзецьмі і іх сем’ямі, якімі апякуецца Беларускі дзіцячы хоспіс. З кіпай паперы, фарбаў, крэйдаў і іншымі чароўнымі матэрыяламі мастацтвазнаўца і педагог выправілася ў госці да сем’яў.

– Дзеткі, з якімі я пазнаёмілася, не адрозніваюцца ад іншых у сваім жаданні сябраваць, каштаваць фарбы на смак, саліць акварэльныя малюнкі, выдумляць нечуваныя гісторыі. Некаторыя рабяты заставаліся ў сваім свеце і адно толькі ўсмешкай давалі зразумець, што яны з намі. Пры дапамозе разнастайных тэхнік, тактыльных адчуванняў, колераў мы шукалі кантакт з імі. Важнай адметнасцю праекта стала інклюзіўная форма заняткаў – тварылі не толькі падапечныя Хоспіса, далучалася ўся сям’я: браты і сёстры дапамагалі дарабляць складаныя дэталі, таты і мамы малявалі “на замову”. Вынік – гэта не толькі малюнкі, але і радасць ад супольнай творчасці, стасункаў, падтрымкі і ўзаемадапамогі. Некаторыя малюнкі створаныя намаганнямі ўсёй сям’і, іншыя – дапрацаваныя пад чулым кіраўніцтвам аўтара. Перад намі гісторыі пра тое, што ўсім дзецям патрэбныя камунікацыі, а не толькі назіранне медыкаў, усе маюць патрэбу ў рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу, выяўленні сваіх здольнасцяў, усім патрэбныя мары, – распавяла Сафія Садоўская, мастацтвазнаўца-выкладчык Дзіцячых творчых майстэрняў Галерэі "Ў".

– Ідэя праекта з’явілася як вынік вывучэння сусветнага досведу. Калі дзіцё нельга вылечыць, гэта не значыць, што яму нельга дапамагчы. Мы стараемся аказваць пасільную дапамогу дзецям і іх сем’ям, каб палепшыць якасць жыцця дзіцяці, нягледзячы на дыягназы. Разам з тым мы разумеем, што сур’ёзнасць дыягназаў часцяком замінае разглядзець за імі асобу чалавека. Стомленыя бацькі, неразуменне з боку грамадства, абмежаваныя фінансавыя магчымасці – усё гэта не найлепшы падмурак, каб пачынаць шукаць творчыя здольнасці ў дзіцяці, якое хварэе. Але ж нездарма ўвесь свет гаворыць пра моц мастацтва, яно здольнае тварыць цуды, натхняць і мяняць не толькі стаўленне да жыцця, але і само жыццё. Таму мы вырашылі прапанаваць некалькім сем’ям узяць удзел у Арт-праекце "Сусвет унутры". Дзякуючы сустрэчы з мастацтвам, нашы падапечныя раскрыліся з іншага боку, падарылі нам часцінку свайго багатага ўнутранага свету. Мы плануем аформіць працамі ўдзельнікаў праекту адну са сцен новага будынка хоспіса, – расказала Ганна Георгіеўна Гарчакова, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса.

– Для нас надзвычай істотна, што праект "Сусвет унутры" даў магчымасць творча самавыразіцца з дапамогай жывапісу падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса. Мы ўдзячныя партнёрам – Беларускаму дзіцячаму хоспісу і Галерэе сучаснага мастацтва "Ў" за іх штодзённую працу і за асаблівае ўважлівае і цёплае стаўленне да кожнага дзіцяці. Мы былі ў шчырым захапленні, калі ўбачылі малюнкі дзяцей: у іх ёсць смеласць, гульня, фантазія, многія з іх папросту зачароўваюць. Яны па сутнасці з’яўляюцца праявай сучаснага беларускага мастацтва. Важная частка нашай стратэгіі, стрыжань сацыяльнай і карпаратыўнай адказнасці нашага банка – падтрымка беларускага мастацтва. У той жа час мы імкнемся аказваць пасільную дапамогу і дзіцячаму хоспісу. Праект "Сусвет унутры" аб’яднаў два найважнейшыя для нас вектары. Маю надзею, што досвед, набыты за час реалізацыі праекта, знойдзе свой працяг, – пракаментаваў Генеральны дырэктар Беларускага народнага банка Канстанцін Цэрэтэлі.

Выстава працаў удзельнікаў Арт-праекта «Сусвет унутры» адбудзецца ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Штодня з 4 па 20 верасня з 12:00 да 22:00 па адрасе: пр-т Незалежнасці, 37А, г. Мінск вы зможаце атрымаць асалоду ад твораў юных мастакоў. Уваход на выставу вольны. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 4 верасня ў 18:00, прэс-канферэнцыя – 4 верасня ў 12:00.