Супольнасці ў Беларусі

8 - 18 марта 2014

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Даведкi: тут.

Уваход: вольны.

Супольнасці ў Беларусі

Феномен супольнасці, ягоная структура, значэнне для асобных людзей і грамадства ў цэлым, ягоная дзейснасць − адна з самых вострых тэм, якая актыўна абмяркоўваецца сучаснымі сацыяльнымі і гуманітарнымі даследчыкамі. Супольнасці ўзнікаюць, дапамагаюць сваім удзельнікам фармаваць ідэнтычнасці, спрачацца, узаемадзейнічаць альбо салідарызавацца адзін з адным. Усё часцей менавіта ад імя супольнасцяў − мастакоў, гісторыкаў, філосафаў і інш. − робяць свае выказванні ўдзельнікі пратэстаў і здзяйсняюцца акты салідарнасці. Не з'яўляецца гэта выключэннем і для Беларусі, дзе супольнасці таксама здольныя стымуляваць сацыяльную і грамадзянскую актыўнасць.

Праект «Супольнасці ў Беларусі: межы, давер, салідарнасць» − нашая спроба ў межах некалькіх мерапрыемстваў − тэатральнай чыткі, лекцыі, дыскусій − пагаварыць пра тое, што мы разумеем пад супольнасцю і якія яе дзейсныя функцыі магчымыя ў беларускім кантэксце.

Усе мерапрыемствы пройдуць у Галерэі «Ў».

 

8 сакавіка, субота, 17-00

Чытка тэксту Максіма Дасько «Радыё Культура»

«Радыё Культура» − гэта адзін дзень чалавека, мінчука, які жыве ў прасторы «так сабе» (Х. Арэнт) і для якога спосабам уцёкаў ад гэтай унутранай пустэчы становіцца радыёкропка.

Чытаюць студэнты лабараторыі «Fortninbrass», куратарка Таня Арцімовіч.

 

9 сакавіка, субота, 17-00

Лекцыя Вольгі Шпарагі «Супольнасці сёння. Супольнасці і сучаснае мастацтва» 

Чаму ў 1980-я разам з «уяўнай супольнасцю−нацыяй» Б. Андэрсана з'яўляецца альтэрнатыўная мадэль супольнасці як «быцця−разам» Ж.-Л. Нансі, якую нельга ўявіць ні як нацыю, ні як народ, ні як дзяржаву ці дух?Як памяняліся супольнасці са з'яўленнем мас-медыя, інтэрнэту і іншых «сацыяльных медыя»? Па якому прынцыпу будуюцца сучасныя «часовыя супольнасці» без агульнага падмурка (Б. Гройс,У. Фурс)? У якасці прыкладаў апошніх будзе разгледжаны перфарматыўны праект «Рыміні Пратакол» (Германія), а таксама шэраг беларускіх і ўкраінскіх арт-праектаў.

Пра аўтара:

Вольга Шпарага − філосаф, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ. Аўтар манаграфіі «Абуджэнне палітычнага жыцця: Эсэ пра філасофію публічнасці» (Вільня: ЕГУ, 2010), навуковая (са)рэдактарка і складальніца пяці калектыўных манаграфій (падрабязней гл. тут). Сфера інтарэсаў: фенаменалогія і палітычная філасофія, еўрапейская прастора і месца ў ёй Беларусі, сучаснае мастацтва. 

 

11 сакавіка, аўторак, 19-00

Круглы стол «Незалежныя супольнасці ў Беларусі: салідарнасць і дзейснасць»

За апошнія некалькі гадоў у Беларусі было некалькі выпадкаў, калі беларуская незалежная супольнасць (інтэлектуальная, культурная, акадэмічная) выступала ў абарону беларускіх мастакоў і арганізацый, пацярпелых ад прававога гвалту з боку ўладаў (выпадкі з мастакамі Віталём Калгіным, Міхаілам Гуліным, выдавецтвам «Логвінаў» і інш.). У сувязі з гэтым нам хацелася б абмеркаваць наступныя пытанні:

Ці можам мы дамагчыся вынікаў, калі будзем дзейнічаць як супольнасць? Што нам для гэтага патрэбна: новыя тэхналогіі, навыкі ўзаемадзеяння (здольнасць дамаўляцца), дапамога юрыстаў і праваабаронцаў, міжнародная ўвага? Ці можам мы казаць пра дзейснасць выступленняў незалежных супольнасцяў у Беларусі? Якім чынам мы можам уплываць на сітуацыю і прыцягваць увагу грамадзян да існуючага прававога (без)парадку?

У дыскусіі прымуць удзел: гісторык Аляксей Братачкін, мастак Міхаіл Гулін, мастак, пісьменнік Артур Клінаў, арт-менеджерка, рэдактарка партала 34mag.net Інга Ліндарэнка, праваабаронца Алена Танкачова, філосаф Вольга Шпарага. Мадэратар Таня Арцімовіч.

 

18 сакавіка, аўторак, 19-00

Дыскусія: «Супольнасці і межы паміж імі»

Разважаючы пра супольнасці сёння, тэарэтыкі ўсё больш падкрэсліваюць іх працэсуальны, бягучы характар. Замест фарміравання стабільных ідэнтычнасцяў, аб'яднання людзей у розныя супольнасці сёння хутчэй дапамагае гэтым людзям знаходзіць новыя магчымасці і спосабы ўзаемадзеяння/узаемадапамогі. А таксама пашыраць сеткі сацыяльнага капіталу − адносін, заснаваных на даверы, якія дапамагаюць знаходзіць новыя рашэнні старых праблем. 

Наколькі адрозніваюцца па мэтам, рэсурсам, на якія абапіраюцца, і спосабам арганізацыі акадэмічных, артыстычных, фемінісцкіх і інш. супольнасцяў? Наколькі розныя супольнасці закрытыя і адпаведна адкрытыя ўзаемадзеянню адна з адной? Ці важна такое ўзаемадзеянне і ці заўсёды яно магчымае? 

У дыскусіі прымуць удзел: культуролаг і выкладчыца ЕГУ Святлана Паляшчук, музыкаАляксей Варсоба (гурт «PortMone»), гендэрная даследчыца Таццяна Шчурко, арт-куратарка Аксана Жгіроўская, архітэктар Дзмітрый Бібікаў (Мінская ўрбаністычная платформа і Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў). Мадэратар Вольга Шпарага.

 

Фатаграфія: праект Сяргея Шабохіна  «Wozu Poesie?»