Сучасная фатаграфія Лацінскай Амерыкі
24 июня 2015 - 19 июля 2015
Справки: +375 33 332 63 26.
Вход: 25 000 руб.
Алехандра Альмарас, Аргентына; Ірына Вэрнінг, Аргентына; Андрэс Вэртэйм, Аргентына; Жузэ Дыніс, Бразілія; Кале, Бразілія; Т’ягу Каэллю, Рэжыс Дуартэ, Бразілія; Кляўд’ю Мэнэгечы, Бразілія; Ліліяна Малера, Уругвай; Давід Муннёс, Аргентына; Хасэ Пілёнэ, Уругвай; Леапоўду Пленц, Бразілія; Ян Сміт, Мексіка
Сучасная фатаграфія Лацінскай Амерыкі — terra incognita для нашай часткі свету. Цяпер маем магчымасць параўноўваць свае ўяўленні пра лацінаамерыканскую культуру, сфармаваныя чытаннем Хорхэ Люіса Борхэса і Габрыеля Гарсіі Маркеса, музыкаю Антоніў Карлуса Жабіма і пералівамі народных пасадас, жывапісам Давіда Альфара Сікейраса, Д’ега Рывэры і Фрыды Калё, з тым, як гэтая культура ўвасабляе сябе ў фатаграфіі. Творы сучасных фатографаў Бразіліі і Аргентыны, Уругваю і Мексікі адрозніваюцца міжсобку, як самыя культуры гэтых краінаў, падобныя здалёк, але істотна розныя пры непасрэдным судакрананні з імі.
Цыкл «Прэзідэнты» аргентынскага фатографа Алехандра Альмараса (Alejandro Almaraz) — каментар да дыскусіяў пра нацыянальную ідэнтычнасць. Аўтар пры дапамозе найноўшых лічбавых тэхналогіяў правёў «фізіягнамічнае статыстычнае» даследаванне першых асобаў 20 дзяржаваў, выбіраючы пазнавальныя, паўтаральныя рысы ў абліччы лідараў кожнай з краінаў цягам апошніх ста гадоў.
Бразілец Кале (Calé) — з Рыа-дэ-Жанэйра. Ён, жыхар мегаполісу з 12-мільённым насельніцтвам, пагружаны ў роздумы пра супрацьстаянне агрэсіі ўрбаністычнага асяроддзя, якое нівелюе асобу. Белыя, безаблічныя, распушчаныя ў гарадскіх кварталах сілуэты людзей — вобраз супраціву чалавека ціску гораду, метафара ўнутранай канцэнтрацыі гараджаніна ў імкненні наноў знайсці сябе.
Кляўд’ю Мэнэгечы (Claudio Meneghetti) — таксама з Бразіліі. Ён звяртаецца да жыцця сваіх суайчыннікаў, у якіх няма даху і працы. Усіх сваіх герояў ён здымаў двойчы: увечары, калі яны прыйшлі ў начлежку, і зранку, пасля ночы перадыху ў барацьбе за выжыванне. Аўтар гэтак гаворыць пра сваю серыю: «Гэта эсэ пра тое, як чалавечая ўвага і клопат перайначваюць нас усіх – і нават самых гаротных».
Прыём парнага партрэту характэрны і для іншага бразільца, Т’ягу Каэллю (Tiago Coelho). У сваім праекце «Мова адзення» ён адлюстраваў людзей «незаўважных прафесіяў»: афіцыянтаў, прыбіральнікаў. На адным партрэце яны — на сваіх працоўных месцах, у сваёй рабочай адзежы. Але на другім іх ужо знялі як персанажаў з моднага часопісу. Гэтыя імгненні чароўнага пераўвасаблення змянілі лёс некаторых дзейных асобаў: скаўты мадэльных агенцтваў вывелі іх на подыумы.
«Шэрыя» — праект уругвайскага фатографа і відэа-мастака Хасэ Пілёнэ (José Pilone). Ён ужо шмат гадоў працуе над гэтым праектам, падарожнічаючы па свеце ў вобразе «чалавека як усе»: у гарнітуры, у гальштуку — і без якасцяў. Ні час, ні прастора не маюць улады над заведзеным парадкам кожнага дня шэрага чалавека — ад ягонага нараджэння да смерці.
Ліліяна Малера (Liliana Molero) з Уругваю — аўтарка пейзажаў, знятых у рыбацкай вёсцы «недзе ў Паўднёвай Амерыцы». Ейныя краявіды, паэтычныя і мініяцюрныя, поўняцца крохкаю лёгкасцю паветранай дымкі ды прыцягальнаю гарманічнасцю колеравых асанансаў.
Зусім інакш успрымаецца мора на чорна-белых краявідах бразільца Жузэ Дыніса (José Diniz). Ведучы свой адвечны двубой з чалавекам, які ўрываецца ў яго межы, яно экспрэсіўнае і напружанае.
Трагічным рэхам барацьбы чалавека і стыхіі гучаць і пустэльныя пейзажы Давіда Муннёса (David Muñoz). Ён ужо каторы год вяртаецца на бераг салёнага возера Эпэкуэн, што ў сэрцы Аргентыны, каб дакрануцца да тайны затопленага і пакінутага ўсімі калісьці шчаслівага ціхага мястэчка.
Пра трагедыі іншага кшталту, якія нясе сучасная цывілізацыя, папярэджвае мексіканскі падарожнік і навуковец, фатограф Ян Сміт (Jan Smith). Пабываўшы ў ваколіцах шмат якіх атамных электрастанцыяў, што перажылі аварыі, ён пакідае нас сам-насам з краявідамі — нічым не знамянальнымі, калі б толькі не атрутнае свячэнне колераў.
У чароўны і таямнічы свет музейнай прасторы запрашае нас аргентынскі фатограф Андрэс Вэртэйм (Andrés Wertheim). У ягоных працах героі музейных палотнаў пераадольваюць рамкі зададзеных ім межаў, спускаюцца ў залы ды, ажыўшы, невядома для сваіх гасцей пануюць у сваіх уладаннях, сузіраючы сваіх вернападданых — гледачоў.
Іншыя межы — межы часу — пераадольваюць героі яшчэ аднаго аргентынскага фатографа — Ірына Вэрнінг (Irina Werning). Дзейныя асобы ейных дыптыхаў на адно імгненне, захаванае аўтарам, пераносяцца ў сваё дзяцінства, дакладна капіюючы праз шмат гадоў позы, жэсты і сітуацыі ўласных фатаграфіяў даўно мінулага часу. Радасць дзяцінства вярнулася — няхай і на секунду…
Тэму «Vanitas vanitatum et omnia vanitas» даследуе бразільскі фатограф Леапоўду Пленц (Leopoldo Plentz). Матыў смяротнага заняпаду ўсяго жывога — «марнасць марнасцяў і ўсялякай марнасці» — напоўнены для аўтара вабнай чароўнасцю. Пленц знаходзіць сімвалы схаванай будучыні ў самых нязначных рэчах: пакінуты дом, закінуты сад, стары мур — усё, да чаго клапатліва дакрануўся час, увасабляе для яго прыгажосць і вытанчанасць.
Куратары выставы: Яўгеній Беразнер, Наталля Тарасава, Ірына Чмырова.
Адкрыццё выставы адбудзецца 24 чэрвеня а 19:00 у прасторы ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая 16, 2-і паверх, над барам «Хуліган»).
Выстава працуе да 19 ліпеня штодзень, з 12:00 да 22:00.