15 красавіка ў Мінскім тэатры эстрады адбудзецца прэзентацыя новага канцэртнага альбома "Кола рыцэрска". А напярэдадні прэзентацыі 6 красавіка гурт запрашае ўсіх сваіх прыхільнікаў і сяброў на сустрэчу ў нефармальных зносінах “Ольса-Beer-Паці" ў бары Beer&Wine а 19-й гадзіне, каб падзяліцца і адзначыць свае поспехі разам з усімі! Нагодаў шмат: і выхад альбома, і паспяховая Kickstarter кампанія, і запіс альбома сярэднявечных рок-кавераў, і тур у ЗША.
“Кола рыцэрска” – трэці канцэртны альбом у дыскаграфіі гурта “Стары Ольса”. Запіс быў зроблены гукааператарам Анатолем Шаўцовым (студыя DP-records) ў лістападзе 2015 года падчас канцэрта ў Гомелі і быў прысвечаны гераічнаму эпасу Вялікага Княства Літоўскага.
Калісьці ў 2004 годзе "Стары Ольса" выдаў свой першы канцэртнік пад назвай “Шлях”. На думку многіх, ён і дагэтуль вабіць сваёй простасцю і нязмушанай свежасцю. У 2005 годзе на піку папулярнасці сярэднявечных дыскатэк выйшаў другі жывы альбом “Сярэднявечная дыскатэка”. З тых часоў шмат змянілася: дадаліся інструменты, з'явіліся новыя музыкі,
павялічыўся рэпертуар.
Чаму канцэртны? Вельмі часта прыхільнікі і музычныя крытыкі выказваюць меркаванне, што музыку гурта патрэбна слухаць ужывую. У чым сакрэт? Адпаведная эпохам вопратка, выгляд і жывое гучанне інструментаў, сапраўдныя шчырыя эмоцыі і непаўторны настрой! А таксама, у адрозненне ад студыйных, канцэртны альбом дае магчымасць пачуць “вітаміны” жывога
гучання, характэрныя толькі для сцэнічнага выканання! Гэтыя асаблівыя рысы гурта і прывабліваюць слухачоў.
На канцэрце 15 красавіка будуць выкананыя ўсе кампазіцыі з новага альбома і любімыя творы. Разняволеная атмасфера весялосці і сяброўскае кола перанясуць вас у эпоху рыцарства. А таксама будзе магчымасць набыць свежанькі, з пахам друкарні дыск!
6 красавіка чакаем на Ольса-beer-паці.