Выставки

Сiнтагмы

15 - 26 октября 2013

Галерея искусства «Гал-творчество»

Минск, пр-т Независимости, 47

Даведкi: тут.

Квiткi: 6 000 руб.

Сiнтагмы

Класічнае мастацтва заўсёды жывілася ідэяй аднаўлення антычнасці. На гэтым шляху яно яднала неспалучальнае, злучала супрацьлеглае, вынаходзіла новыя кампрамісы паміж марай і магчымасцю. Што для нас цяперашніх тыя ідэалы? 

Сінтагма адносіцца да катэгорыі шматзначных тэрмінаў і перакладаецца як класіфікацыя, сістэматызацыя, кампаноўка, размяшчэнне. Сінтагма ёсць камбінацыя знакаў, перадумовай якой з’яўляецца працягласць, гэтая працягласць лінейная і незваротная; два гукі не могуць быць вымаўленымі ў адзін і той жа момант. У сінтагме значнасць кожнага элемента ўзнікае як вынік яго апазіцыі да элементаў папярэдніх і наступных. Грэч. syntagma – разам збудаванае, злучанае. Адзінка маўлення, што ўтвараецца групай словаў у складзе сказу, аб’яднаных у сэнсавым, рытмамеладычным спалучэннях. Аб’ём сінтагмы вызначаецца не толькі рэальным ужываннем слоў у звязцы, але і самой злучаемасцю, магчымасцю аб’яднання рэчаў, прыкметаў і працэсаў акаляючай рэчаіснасці.

Выяўленчыя сінтагмы павінны адпавядаць вышэйназваным крытэрыям, сплятаючы малюнкі на шчытах грэчаскіх гоплітаў з архаічнымі архітэктурнымі канструкцыямі, радкі старажытных кодэксаў з узаранай раллёй. Колер надае сінтагме дадатковую працягласць, памножаную на даўжыню электра-магнітных хваляў. Усе гэтыя шматлікія, такія цікавыя і новыя характарыстыкі ў выяўленчым мастацтве датычацца майстра жывапісу Уладзіміра Клімушкі. Творца выбраў тэмай свайго даследвання ў мастацтве фармальную кампазіцыю, тым самым дэманструючы сябе як вялікага эксперыментатара ў кампаноўцы прадметаў, знакавасці колеравых вырашэнняў і ў філасоўскай падачы твора. 

“Я жыву днём пазаўчорашнім, учорашнім і, нарэшце, сённяшнім. Даследаванне гістарычнай матрыцы - тэма невычэрпная. Не пра нас сказана, але мы таксама краіна з непрадказальным мінулым. Мы кажам пра еўрапейскі культурны код і прадчуваем яго арыентальнасць. Мы кажам пра Захад, але маем на ўвазе Усход. Мы кажам пра Усход, але для нас ён на Поўдні. Траекторыя гістарычнай памяці абумоўлена сённяшнімі чаканнямі і марамі. Я будую свой уяўны горад, горад памяці, горад-поліс, як пачатак, як наканаванне...”
Уладзімір Клімушка

Уладзімір Клімушка:
1971 – нарадзіўся ў в.Корчыцы Кобрынскага р-на, Брэсцкай вобл.
1985—1989 вучоба ў Мінскай мастацкай вучэльні імя А.К.Глебава.
1992—1998 вучоба ў Беларускай акадэміі мастацтваў, спецыялізацыя “Станковы жывапіс”. 
1996, 1998 – стыпендыят Прэзідэнскага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.
З 1999—выкладчык спецыяльных дысцыплін РКМ імя І.В.Ахрэмчыка.
З 2000—выкладчык кафедры жывапісу БДАМ.
1999—2001 асістэнтура-стажыроўка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
З 2000—сябра Беларускага саюзу мастакоў.
З 2003—старшы выкладчык кафедры жывапісу БДАМ.
2009 – стыпендыят міністэрства культуры РБ.
Удзельнік міжнародных,замежных, рэспубліканскіх і групавых выставак з 1994г.: 2010 – выстаўкі “Візантыйскія мантры” (галерэя “Акадэмія”), “Трынскрыпцыі” (Інстытут тэалогіі БДУ). 2012 – выстаўка “DUO” (мастацкая галерэя ў Полацку).
2013 – Рэспубліканская выстаўка нонфігуратыўнага мастацтва “Іншая рэальнасць” (галерэя “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).
Творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Нідэрландаў.