Праект прысвечаны сучаснаму стану мастацкага шкла Беларусі.
Куратары: Павел Вайніцкі і Алена Атрашкевіч-Златкавіч.
(Шкла)ватнасць – як антытэза звонкай транспарэнтнасці шкла, як крайняя праява інэртнасці ў развіцці айчыннага шкларобства апошніх дзвух дзесяцігоддзяў. Некалькі генерацый беларускіх мастакоў шкла, пераадольваючы складанасці абставінаў, усё яшчэ напраўляюць сваю стваральную энергію ў бок інтэрпрэтацыі шклянога аб'екта, як уласнага канцэптуальнага выказвання. Ці здольнае шкло сапраўды стать бастыёнам святла ў пануючай ватнасці паўсядзённай рэчаіснасці?
Аб'ектам куратарскай рэфлексіі выступае наяўны факт частковага перапрафілявання буйнейшага айчыннага шклозавода «Нёман» на выпуск шклаваты. Таго самага «Нёмана», у бліскучым мінулым якога – шырачэзны спектр унікальнай прадукцыі, ўзнагароды на міжнародных конкурсах, усесаюзае лідэрства і сусветная вядомасць. Але мінулі часы «сацыялістычнай празмернасці», калі творчыя пошукі мастакоў былі прыярытэтнымі для завода, бо стваралі ягоны прафесійны аўтарытет. З распадам краіны, «тварам» якой на замежных выстаўках былі творы беларускіх майстроў, «Нёман» аказаўся на мяжы выжывання. Інвестыцыйны праект па вытворчасці шклаваты – шараговая спроба прыстасаваць аганізуючы шклазавод да сучасных жорсткіх рыначных умоваў.
Выстаўка уяўляе з сябе светла-прасторавую інсталяцыя, што ўключае серыю відэа-інтэрв'ю са старэйшым пакаленнем нёманскіх мастакоў – мінулае шклозавода «Нёман»; творы маладых беларускіх аўтараў – цяперашні час айчыннага шкла і, уласна, шклавату - сумніўную, але непазбежную будучыню беларускага мастацкага шкла.
Павел Вайніцкі
Алена Атрашкевіч-Златкавіч
Час працы: 11:00-19:00, серада – 13:00-21:00, выхадныя – нядзеля, панядзелак.