Фотавыстава прысвечана жанчынам, якія зрабілі значны ўнёсак у ахову навакольнага асяроддзя і дасюль займаюцца прыродаахоўчай дзейнасцю ў розных сферах.
Гераіні, “тэарэтыкі” і практыкі, даследуюць жывёльны і раслінны свет, абараняюць балоты і дрэвы, прасоўваюць экалагічныя падыходы ў розных сферах жыцця, вырошчваюць “арганічную” ежу, вучаць дзяцей быць адказнымі спажыўцамі, прымаюць стратэгічна важныя рашэнні на высокім узроўні і рыхтуюсь прапановы ў “прыроднае” заканадаўства. Кожная з іх займаецца “сваёй” тэмай і дзейнічае на пэўнай тэрыторыі роднай краіны.
Арганізатары выставы спадзяюцца, што вобразы прыгожых і актыўных гераінь натхняць астатніх далучацца да экалагічнага руху і аховы навакольнага асяроддзя. І гэта толькі пачатак вялікай працы: калекцыя партрэтаў і гісторый гераінь будзе пашырацца.
Выстава адкрываецца пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў. Аўтаркамі здымкаў з’яўляюцца Алена і Ядзвіга Адамчык, вядомыя ва ўсім свеце сваімі “жаночымі” праектамі. Адзін з найбольш вядомых праектаў – “Беларускі. Жанчыны Еўропы”, які прэзентаваўся ў розных краінах свету.