Концерт «Шапэн у Ваньковічаў» ко Дню рождения композитора (6+)
1 марта 2021
СПРАВКИ: здесь
ВХОД: бесплатный
1 сакавіка, у Дзень нараджэння Фрыдэрыка Шапэна, парапануем вашай увазе анлайн-канцэрт “Шапэн у Ваньковічаў” , які некалькі месяцаў таму быў адмыслова рэалізаваны Польскім Інстытутам у Мінску і ансамблем салістаў “Вытокі” да 210-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Канцэрт даступны па спасылцы.
У запісе канцэрта прымалі ўдзел выдатныя беларускія салісты: Аляксандр Музыкантаў (фартэпіяна), Ільля Сільчукоў (барытон), Святлана Старадзетка (сапрана), Алена Дзегцярова (цымбалы), Таццяна Краснабаева (цымбалы).
Канцэрт запісаны ў старадаўняй шляхецкай сядзібе рода Ваньковічаў – здаўна творчым асяродку мінскай інтэлігенцыі.
Чаму цымбалы ў канцэрце музыкі Шапэна разам з класічным фартэпіяна – даведаемся з праграмы. Усе ведаюць Шапэна, як Генія фартэпіяна, але ёсць у спадчыне кампазітара і каля двух дзясяткаў песень, якія кампазітар ствараў цягам усяго свайго творчага жыцця. Вершы Міцкевіча, Залескага, Поля, але найбольш – Вітвіцкага складаюць той незвычайны зборнік, на аснове якога і складзена праграма канцэрта.
Многія творы падпісаны пазнакай “сельскі”, “сялянскі”, “вясковы”, што раскрывае нам зацікаўленні і захапленні Шапэна традыцыйнай народнай культурай, як кожны рамантык эпохі ён імкнуўся сягаць да народных крыніцаў. Вось чаму для большай стылізацыі і параўнання музыканты супаставяць гучанні раялі і цымбалаў у адзіным стылістычна рэпертуары, які так рэдка гучыць са сцэны, у параўнанні са славутымі фартэпіяннымі опусамі польскага генія.
Напрыканцы, з ілюзорнага ў нечым “свету ідыліі”, яго рамантычнага замілавання, толькі славуты “Рэвалюцыйны эцюд” Шапэна верне нас у актуальную рэальнасць жыццёвай барацьбы.
Мастацкі кіраўнік праекта і вядучы канцэрта – Аляксей Фралоў.
У праграме:
- “Зычэнне” – на цымбалах
- “Мелодыя” – барытон
- “Сьлічны хлопец” – сапрана
- “Ваяк” – барытон
- “Персьцень” – цымбалы
- Мазурка h-moll - раяль
- “Зычэнне” – сапрана
- “Мая пяшчотка” – барытон
- “Літоўская песенька” – сапрана
- “Прэч з маіх вачэй” – барытон
- Накцюрн, c-moll - раяль
- “Вясна” – цымбалы
- Напалеон Орда. Вальс D-dur - раяль
- Напалеон Орда. “Успамін пра юнацтва” - сапрана Шапэн.
- “Гулянка” (Вакханалія) – цымбалы
- “Рэвалюцыйны эцюд” – раяль