21 верасьня 2013 года ў ДК “La мора” адбудзецца выступ Віктара Сямашкі і Кумпаніі з праграмай імправізацыйнае музыкі й антыімправізацыйнае паэзіі “Зьнянацку”.
Музыкант спэцыялізуецца на разнастайных духавых інструмэнтах і шукае сынтэз між фры- джазам, фальклёрам, акадэмічнай і электроннай музыкай. Усе кампазыцыі будуць нараджацца ў працэсе музыкаваньня, і потым ніколі ня будуць паўтораныя ў такім жа выглядзе.
На рахунку Віктара выступы ў розных краінах Эўропы ў складзе розных праектаў і вялікая колькасьць сольных альбомаў. Сярод апошніх – альбом“г.М”, выдадзены расейскім лэйблам Clinical Archives (болей за 9 тыс. спампоўваньняў). Варта адзначыць і супрацу з французскім імправізатарам Крыстофам Мэльенам, выдадзеную бэльгійскім лэйблам tape-safe.net.