Выставки

Самакантроль

11 октября 2013 - 3 ноября 2013

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Даведкi: тут.

Уваход: вольны.

Самакантроль

Персанальны праект Аляксея Талстова ўздымае тэмы, якія ў Беларусі зазвычай застаюцца па-за шырокім абмеркаваньнем. Збольшага прычынай таго ёсьць засяроджанасьць сацыяльных і культурных дыскусій на лакальным кантэксьце. Такая сытуацыя цалкам натуральная, у сьферу інтарэсаў грамадзянаў любой краіны трапляюць перадусім тыя пытаньні, якія неяк зьвязаныя з падзеямі ў рэгіёне. Але сёньняшні сьвет ня можа жыць толькі лакальным. Разьвіцьцё тэхналёгій і сродкаў камунікацыі не пакідае ізаляванасьці і сацыяльнай герметычнасьці аніякіх шанцаў. Глабалізацыя, эканамічная і не ў апошнюю чаргу інфармацыйная, сьцірае межы паміж культурамі і значна павялічвае хуткасьці перадачы інфармацыі, ведаў, тэхналёгій. Такія зьмены натуральна цягнуць за сабой і зьмены ва ўзаемадзеяньні індывідуальнага і грамадскага, пераасэнсаваньне аўтарытэтаў, традыцый і ня могуць не адбіцца на пазыцыях нацыянальных дзяржаваў, самаідэнтыфікацыях іх грамадзянаў, а таксама практыках сацыяльнай самаарганізацыі і падпарадкаваньня агульным інтарэсам супольнасьці.

У праекце Самакантроль Аляксей Талстоў зьвяртаецца да пытаньняў кантролю і самакантролю ў сучасных грамадствах, разглядае сыстэмы рэгуляцыі ўзаемаадносінаў у межах соцыюму. Разам з тым у поле інтарэсаў мастака трапляюць сувязі паміж сучаснай міфалогіяй і старажытнымі культамі, міжнацыянальныя і сацыяльныя канфлікты, неакаланіалізм і глабалізацыя, зьмены ў сьферы масмедыяў і IT, а таксама ўцягнутасьць індывідаў у інфармацыйную прастору. Праект па сутнасьці зьяўляецца аўтарскім мастацкім аналізам узаемаабумоўленасьці публічнага і прыватнага, шчыльна зьвязаным з тымі сусьветнымі падзеямі, сьведкамі якіх мы былі цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў.

«З аднаго боку, Талстоў выяўляе зьмястоўную крытыку еўропацэнтрызму і неаліберальнай палітыкі заходніх краінаў, падобную да новай левай крытыкі, што актывізавалася з 1990-х гадоў у кантэксьце глабалізацыі эканомікі... Зь іншага боку, ён ідзе далей, спрабуючы перагарнуць гэтую рэпрэзэнтатыўную матрыцу Беларусі, указваючы на апрапрыяцыю левага дыскурсу і рыторыкі дзяржавай і на адцісканьне й замыльваньне ключавых сэнсаў.» - Аляксей Барысёнак, Вольга Сасноўская «Драбленьне Адзінства: пра рэпрэзэнтацыю ўлады ў праекце А. Талстова “Самакантроль”»

Аляксей Талстоў нарадзіўся ў Менску ў 1984-м. Вядомы сваімі мастацкімі і літаратурнымі праектамі, а таксама музычнай актыўнасьцю. Цягам апошніх год удзельнічаў у шэрагу групавых выставаў і культурніцкіх праектаў у Беларусі і за мяжой. Стала супрацоўнічае з галерэяй сучаснага мастацтва «Ў»: групавыя выставы «Структурызацыя» (2013) і «Карціна алеем» (2010). У 2012 у межах праграмы «Рэпліка» прэзэнтаваў свой персанальны праект «Рэакцыя на чужое».

Адкрыцьцё выставы адбудзецца 11 кастрычніка а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

Таксама 24 кастрычніка ў 19:00 адбудзецца публічная дыскусія “Глабальны свет вачыма беларусаў”.