Ракаў – полікультурнае мястэчка. Здаўна тут цесна пераплецены культуры розных народаў, якія на працягу многіх стагоддзяў мірна і плённа разам працавалі і адпачывалі. Асаблівага росквіту Ракаў дасягнуў у 30-я гады мінулага стагоддзя, калі апынуўся на памежжы Польшчы з СССР, і нават атрымаў неафіцыйны статус “сталіцы кантрабандыстаў”.
У межах фестывалю адбудуцца прэзентацыі беларускай, польскай, габрэйскай і літоўскай культур з выступамі 30 калектываў і артыстаў з Польшчы, Літвы, Аўстрыі і Беларусі. Хэдлайнеры фестывалю – гурт Volski (Беларусь) і Tekla Klebetnica (Польшча).
25 жніўня адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” Сяргея Пясецкага. Госці фэсту даведаюцца хто ж ён, Каханак Вялікай Мядзведзіцы, і пазнаёмяцца з новай легендай Ракава. А апынуўшыся каля мемарыялу, асабліва пасля заходу сонца, кожны атрымае асаблівыя ўражанні.
У галерэі Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў адбудзецца прэзентацыя кнігі “Фердынанд Рушчыц – грамадзянін Непадлеглы”, а таксама выстава, прысвечаная Фердынанду Рушчыцу.
Цягам усяго фестывалю будзе працаваць:
- кірмаш “Горад майстроў”;
- лакацыя “Fashion style па-беларуску ” з выставай-продажам, паказамі і інтэрактывамі;
- эка-двор з майстар-класамі, дзіцячая пляцоўка з інтэрактыўнымі гульнямі і конкурсам малюнкаў крэйдай на асфальце;
- літаратурны падворак “Чытаем разам вершы беларускіх паэтаў”;
- інтэрактыўная пляцоўка “Карагод” з танцамі і спевамі;
- Пшэмыслаў Замбжыцкі з варшаўскай мануфактуры “Персіяна” прадставіць тэхнікі слуцкіх і кракаўскіх паясоў .
Будуць адбывацца кулінарныя батлы, квэст “Сцежкамі кантрабандыстаў” і бясплатныя экскурсіі па Ракаву, выстава, прысвечаная гістарычным артыфактам, мастацкі пленэр. Госці фестывалю змогуць паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні краінаў, прадстаўленых на фестывалі і акунуцца ў непаўторную атмасферу традыцый розных народаў.