Выставки

Радзівілы і кніга

16 апреля 2015 - 31 мая 2015

Национальная библиотека

Минск, пр-т Независимости, 116

Даведкі: +375 17 293 27 22.

Уваход: бясплатна.

Радзівілы і кніга

Экспазіцыя будзе прадстаўлена па 31 мая 2015 г. у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (3-ці паверх).

Радзівілы – “некаранаваныя каралі”, найбуйнейшы магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Яго прадстаўнікі займалі найвышэйшыя дзяржаўныя адміністрацыйныя і вайсковыя пасады, валодалі шматлікімі землямі і маёнткамі ў розных краінах Еўропы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў шэрагі арыстакратыі Расіі, Прусіі, Аўстра-Венгрыі.

Радзівілы пакінулі адметны след у гісторыі развіцця кніжнай культуры як выдаўцы і аўтары кніг, заснавальнікі друкарняў і бібліятэк: Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565), Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549–1616), Францішка Уршуля Радзівіл (1705–1753), Антоні Генрык Радзівіл (1775–1833), Марыя Дарота Радзівіл з роду дэ Кастэлян (1840–1915).

У экспазіцыі прадстаўлены экзэмпляры кніг ХVІ–XX стст. Сярод іх брэсцкія выданні 1566 г. з друкарні, якая была заснавана Радзівілам Чорным і стала адной з першых на тэрыторыі Беларусі. Змешчана на выстаўцы і знакамітая “Перэгрынацыя…” – дзённік падарожжаў Мікалая Крыштофа Радзівіла ў выданнях на лацінскай (1610) і польскай (1604) мовах, а таксама перадрук (1640) знакамітай Радзівілаўскай карты.

У наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць убачыць адзіны на Беларусі экзэмпляр XVIII ст. драматычных твораў Уршулі Радзівіл “Камедыі і трагедыі” з гравюрамі Міхала Жукоўскага, зробленымі па эскізах княгіні.

Экспазіцыя змяшчае выключна цікавае ўрачыста аздобленае першае выданне ўнікальнага музычнага твора оперы “Фауст” (Берлін, 1835) кампазітара, мецэната, палітыка, пачынальніка “берлінскай эры Радзівілаў” Антонія Генрыка Радзівіла. Гэта адзіны кампазітар, з якім геніяльны нямецкі паэт Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст.

На выстаўцы прадстаўлены выданні творчай і эпісталярнай спадчыны Марыі Дароты Радзівіл – ініцыятаркі адраджэння Нясвіжскага замка і бібліятэкі ў канцы ХІХ ст.

Многія з выданняў былі нядаўна вернуты ў Беларусь пры падтрымцы дзяржавы і прыватных асоб і экспануюцца ўпершыню.