Посмотрите первую в истории РТБД онлайн-премьеру (18+)
12 мая 2020
Упершыню ў гісторыі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прэм'ерны паказ спектакля пройдзе ў фармаце анлайн-трансляцыі. 12 мая на відэасервісе VOKA тэатр прадставіць гледачам новы спектакль з свайго рэпертуару – трагікамедыю з жыцця дзяржслужачых «Профіт». Паглядзець пастаноўку можна будзе бясплатна, у тым ліку і за межамі Беларусі.
Спектакль «Профіт» пастаўлены на беларускай мове паводле п'есы Аляксандра Астроўскага «Даходнае месца». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў. П'еса прыкметна змянілася: некаторыя сцэны радыкальна перароблены, у дзеянне ўведзены новы персанаж, а самі падзеі разгортваюцца не ў сярэдзіне 19-га стагоддзя, а ў пачатку 21-га.
Усё гэта толькі падкрэслівае вечную актуальнасць пытанняў, якімі ў свой час задаваўся Астроўскі, а сёння – нашы сучаснікі: куды коціцца гэты свет? Што не так з сучасным грамадствам? І чым вымяраецца асоба – матэрыяльнымі дабротамі ці душэўным багаццем?
Ролю галоўнага героя, сумленнага ідэаліста Жадава, у спектаклі выканае Арцём Курань. Ганна Семеняка на прэм'еры 12 мая ўвасобіць яго жонку Паліну, а галоўнага антаганіста Жадава – прагматычнага кар'ерыста Белагубава – Максім Шышко. Акрамя іх, у спеклаклі задзейнічаны Максім Брагінец, Гражына Быкава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Сідаркевіч, Андрэй Дабравольскі, Наталля Халадовіч, Мікалай Стонька і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.
Падрыхтоўка прэм'еры новага спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі заняла ў творчай группы нямногім больш трох месяцаў. Першапачаткова дата прэм’еры была прызначана на пачатак красавіка, аднак сітуацыя ў краіне і свеце ўнесла свае карэктывы як у дзень, так і ў фармат запланаванага паказу.
Упершыню ў гісторыі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прэм’ера спектакля пройдзе ў форме анлайн-трансляцыі. Платформай для яе правядзення стане відэасервіс VOKA. Прэм’ерны анлайн-паказ спектакля «Профіт» на VOKA адбудзецца 12 мая ў 19:00.
Усе жадаючыя змогуць паглядзець яго бясплатна і без аўтарызацыі на сайце voka.tv ці ў дадатку VOKA для Android і iOS. Больш таго, трансляцыя будзе даступна і за межамі Беларусі, таму прэм'еру пастаноўкі без перабольшвання можна назваць сусветнай.