Отметьте праздник осеннего урожая (0+)
25 сентября 2021
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў запрашаюць усіх на святкаванне “Багача” ў Вязынцы. Сёлета свята адбудзецца 25 верасня, пачатак у 12:30.
У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага пасля лета запальвання хатняга агменю – яго сімвалізуе васковая свечка ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года для забеспячэння багацця і шчасця гаспадарам. Зерне ў лубку ссыпалі, па жменьцы, усёй вёскай пад час урачыстага абыходу .
Сам “Багач” аддавалі на захаванне маладой пары, што пабраліся сёлета шлюбам, альбо самай удалай сям’і ў вёсцы. З гэтага зерня пачыналі засяваць на новае лета і верылі, што ўраджай будзе выдатны.
Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага “Багача”, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.
У праграме свята – урачысты абрад ссыпання зерня і запальвання вагню, дажынкавыя і восеньскія спевы з розных рэгіёнаў Беларусі, святочныя пачастункі - хатні хлеб і мёд, хатні сыр, а таксама майстар-класы па рамёствах, кухня і кірмаш, а пад вечар – традыцыйныя танцы.