Правы выцінанкі
28 августа 2013 - 7 сентября 2013
Даведкi: тут.
Уваход: 6 000 руб.
28 жніўня 2013 года ў 17.00 у малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўкі народнага майстра Вольгі Бабурынай “Правы выцінанкі” (мастацкае ўвасабленне “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”).
Назва выстаўкі “Правы выцінанкі” узнікла з разумення таго, што гэты від
мастацтва ўжо выйшаў за свае традыцыйныя межы. Выцінанка заяўляе свае правы не толькі як народнае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, але і як від графікі, праз які могуць мець сваё выяўленне самыя актуальныя тэмы
агульначалавечага характару.
Сёння выцінанка перажывае ўсплёск зацікаўленасці і сваеасаблівае адраджэнне. Простая і дасціпная ў матэрыялах, яна заварожвае сваёй магіяй нечаканасці, калі раскладваецца выразаная папера і перад намі з’яўляецца ажурны малюнак. На Каляды выцінанка суправаджае нас паўсюдна на вуліцах горада. Яна глядзіць на нас з вокнаў дзіцячых садкоў, школ, офісных будынкаў і кватэр у спальных раёнах.
Выцінанка звычайна ўспрымаецца яе традыцыйнае народнае мастацтва выразання з паперы. Але сёння яна засвойвае новыя прасторы нашага жыцця. Пакідаючы за сабой асноўныя свае прынцыпы – стылізацыю, шматразовае складванне, тэхніку выразання і выкарыстанне натуральных матэрыялаў – выцінанка развіваецца, патрабуючы прызнання яе сучаснасці.
Так узнікла серыя з 30 работ, кожная з якіх адпавядае аднаму артыкулу “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”. Што можа быць найбольш сучасным, усечалавечым і адначасова блізкім кожнаму з нас? Тэма правоў чалавека толькі на першы погляд незразумелая і далёкая. Традыцыйнае мастацтва і сучасныя касмапалітычныя з’явы падаюцца несумяшчальнымі. Тым цікавей дакрануцца да гэтай тэмы і спалучыць яе з нашым менталітэтам не праз словы, а праз традыцыйныя вобразы, сімвалы і кампазіцыйныя прыёмы. Выцінанка як ніякі іншы від народнага мастацтва стаіць напачатку сваіх патэнцыяльных магчымасцяў. Кожная работа – спалучэнне артыкулу
Дэкларацыі і рэчаіснасці, месцазнаходжання ў прасторы і часе,
адчування сябе тут і цяпер. Гэта яднанне агульначалавечага і ўласнага.
Згадванне каштоўнасцяў, на якіх толькі і могуць будавацца адносіны паміж людзьмі.