Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і Інстытут імя Гётэ ў Мінску ў межах фестываля Artes Liberales прадстаўляюць “Праца адным кадрам. Праект Анце Эман і Харуна Фарокі”.
“Першая камера ў гісторыі кінематаграфіі была накіравана на фабрыку” – адзначаў некалі Харун Фарокі, выдатны нямецкі кінатворца. Ён меў на ўвазе дакументальную стужку братоў Люмьер "Выхад рабочых з фабрыкі" 1895 г. Сам Фарокі неаднаразова звяртаўся да працы, дакладней, да яе відазмянення ў сучасных грамадствах і тэхналогіі яе рэпрэзентацыі. “Праца адным кадрам” (2011 – 2014 гг.) стала апошнім буйным праектам рэжысёра. Харун Фарокі правёў сумесна с мастачкай і куратаркай Анце Эман майстар-класы ў 15 гарадах свету. Іх удзельнікі, маладыя кінематаграфісты, пастараліся перадаць у сваіх кароткіх стужках сутнасць сённяшняй працы – матэрыяльнай і нематэрыяльнай, аплачванай і неаплачванай, традыцыйнай альбо ўзніклай толькі ў апошнія гады. Фармальныя патрабаванні былі два: усе фільмы знятыя адным кадрам, без мантажнай склейкі, і працягваюцца не болей за дзве хвіліны. Так узнікла своеасаблівая энцыклапедыя глабальных працоўных працэсаў.
На выставе ў галерэі “Ў” прадстаўлена падборка болей за 60 фільмаў з васьмі гарадоў свету. Інсталяцыя выставы дае ўяўленне пра тое, што “Праца адным кадрам” не з‘яўляецца наборам разрозненых твораў, а стварае шчыльную сетку розных суадносін. Адзін фрагмент тлумачыць іншы, дапаўняе альбо каментуе яго.
Анце Эман Antje Ehmann – мастачка, куратарка і аўтарка, жыве у Берліне.
Харун Фарокі Harun Farocki (1944-2014) быў рэжысёрам, драматургам, медыя-мастаком і аўтарам. Рэалізаваў больш за 90 фільмаў, у якіх звяртаўся да механізмаў улады і магчымасцяў вобраза. Фарокі лічыцца адным з важнейшых прадстаўнікоў дакументальнай эсэістыкі ў кінамастацтве. У мінулым годзе у Берліне быў заснаваны "Харун Фарокі Інстытут", які мае на мэце даследаванні візуальнай і дыскурсіўнай спадчыны мастака, а таксама стварэнне новых праектаў па крытычным асэнсаванні візуальнай культуры.
У межах выставы “Праца адным кадрам” і фестываля Artes Liberales адбудуцца наступныя мерапрыемствы:
6 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне.
Сустрэча з мастачкай Анце Эман (Германія). “Драматургія аднаго кадра, альбо Як распавесці гісторыю за дзве хвіліны адным планам без мантажа”.
Лекцыя з паказам фрагментаў фільмаў і размова з публікай на англійскай мове з перакладам.
7 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне.
Лекцыя Ёанны Сакалоўскай, куратаркі Мастацкага музея ў Лодзі (Польшча) “Мастацкая практыка як сродак пазнавальнай картаграфіі і кампазіцыі хаоса”.
Ёанна Сакалоўская запазычвае метад “кагнітыўнай картаграфіі” Фрэдрыка Джэймісана Fredric Jameson, каб вызначыць магчымасці куратарскай і мастацкай працы ў сучасных грамадствах позняга капіталізму.
Лекцыя і размова з публікай на англійскай мове з перакладам.
15 красавіка 2016 г. а 19-й гадзіне.
Фільм Сафіі Табатадзэ "Пірымзэ" і размова з мастачкай праз скайп (Германія/Грузія).
Фільм апавядае пра тбіліскі Дом бытавых паслуг "Пірымзэ" зыходзячы з асобы самаго будынка – ад савецкага мінулага унікальнага архітэктурнага праекта і ідэі “добрых паслуг пад адным дахам” праз махінацыі пераходнага перыяду да непрадказальнай будучыні працы майстроў.
Фільм на грузінскай мове з рускімі субтытрамі.