Выставки

Пра шкло (0+)

21 февраля 2020 - 22 марта 2020

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: взрослые 8 руб., школьники и студенты - 4 руб.

 

Пра шкло (0+)

21 лютага а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта Вольгі Юр’еўны Сазыкінай „Пра шкло”. На выставе будуць прадэманстраваны каля 20 твораў са збору аўтара і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, некаторыя з якіх – упершыню.

Яе мастацтва – гэта персанальны погляд на ўласнае мінулае і сучаснасць у кантэксце рэальнага часу і месца. Таму, знаходзячыся ў „прасторы ўчынкаў”, Вольга Сазыкіна кожны раз аднаўляе сваё „шчырае выказванне”. Рэалізуючы такім чынам выключную ролю мастака.

Праект „Пра шкло” вяртае ў нейкую „сваю прастору” Вольгі Сазыкінай. Тут у гледача з’яўляецца магчымасць здзейсніць рытуал углядання (адсылае да прапанаванай Разаліндай Краўс трактоўкі мадэрнізму ў візуальным мастацтве як “імпульсу глядзення” / “the impulse to see”) у аб’екты і прадметы са шкла, укараняючыся ва ўяўны кантэкст іх стварэння.

Пытанні экалагічнага раскладу, далікатнасць і вастрыня чалавечага існавання злучаюцца з прыродай матэрыялу. І ў гэтым выпадку мастачка займаецца вывучэннем і пераасэнсаваннем магчымасцей і межаў гэтага матэрыялу, які стаў сродкам разумення навакольнага свету, у роўнай ступені матэрыяльнага і ідэальнага. Свету, які вымяраецца і адчуваецца, захаванага і растворанага ў аб’екце са шкла, што вызначаецца як сродак апавядання.

Рухаючыся далей, Сазыкіна працуе з рознымі знакавымі сістэмамі: дэкаратыўнымі праектамі; асэнсаваннем формы, замкнёнай і абмежаванай, праз арганізацыю трохмернай структуры – эфект клеткі, дзе матэрыяльнасць і ілюзорнасць аб’екта патэнцыяльна магчымыя.

Вольга Сазыкіна спалучае супрацьлеглае: крохкае і даўгавечнае, трывалае і што б’ецца, хаваючы ў празрыстыя капсулы прадмет, неаддзельную субстанцыю. У гэтым засяроджана супярэчнасць і кампраміс. Шчырая спроба падзяліцца патаемным з іншым, а магчыма, і спосаб перадачы бясконцага „канфлікту гармоніі”. Гэта вынік свавольства мастачкі, свабоды падумаць і ўявіць, фантазіраваць абраным ёю спосабам.

Усе праекты Вольгі Сазыкінай так ці інакш звязаны з аспектамі чалавечых адносін: сумненнямі, жаданнямі, уяўленнямі аб ідэальным, а таксама ўяўленнямі аб уласных рэаліях. Яе працы вывучаюць прыроду адносін з навакольнымі аб’ектамі, прадметамі і матэрыяй, якая з’яўляецца іх складнікам.

Пошукі мастачкі фарміруюцца праз розныя матэрыялы і злучэнні, такія як метал, камень, пясок і інш. Гэта таксама спосаб даследаваць межы і функцыі таго, што мы вызначаем як сучаснае мастацтва шкла.

Время работы музея: 11:00 – 19:00.