"Паверка асноваў"
Ігар Саўчанка
Тэксты, фота, гукавая інсталяцыя
Куратар Вадзім Дабравольскі
"Свет працiвiцца фатаграфаванню", – напісаў аднойчы вядомы беларускi фатограф Iгар Саўчанка i на даволі доўгi час адмовiўся ад фатаграфii, сфакусаваўшыся на стварэннi канцэптуальных твораў. Гэта было не iмгненнае рашэнне, а паступальны працэс: спачатку пад яго фатаграфiямi з’явiлiся подпiсы, значэнне візуальнага матэрыялу паступова памяншалася, у той час як роля тэксту павялічвалася. Нарэшце засталіся адныя подпісы да фатаграфій без саміх фотакартак, якія затым перетварыліся ў самастойныя тэксты, а гэта значыць “візуальны вобраз змяніўся сваёй разумовай мадэллю”. Разам з тым паміж Саўчанкам-фатографам і Саўчанкам-канцэптуальным мастаком няма прынцыповага разрыву. Гаворка iдзе пра пошук найбольш адэкватных сродкаў для рэалізацыі мастацкіх ідэй.
Выстава "Паверка асноваў" – вынiкi гэтага пошуку, новы падыход да экспазіцыі рэчаіснасці. Ігар Саўчанка прапануе наведвальнікам выставы выключна разумовую карціну свету, якая разгортваецца ў серыі тэкставых твораў. Таксама як традыцыйнае візуальнае мастацтва было і застаецца своеасаблівай школай, якая развівае ўменне "бачыць" у адпаведнаці з існуючымі культурнымі шаблонамі, падобнае канцэптуальнае мастацтва з’яўляецца школай мыслення, але дастаткова спецыфічнага. Гэтае мысленне інтэрпрэтуе рэчаіснасць як незавершаную, дынамічную канструкцыю, якую можна даследаваць і з якой можна ўзаемадзейнічаць. Так, прадстаўленыя тэкставыя працы Ігара Саўчанкі становяцца інструкцыямі (некаторыя – у прамым сэнсе) па знаходжанні ў канцэптуальнай сітуацыі. Мастак у гэтым выпадку толькі мадэлюе сітуацыю і пакідае гледачам магчымасць дзейнічаць самастойна і ствараць свае індывідуальныя сэнсы.
Ігар Саўчанка – вядомы беларускі фатограф і сучасны мастак, прадстаўлены галерэяміNailya Alexander Gallery, New-York, Giedre Bartelt Galerie, Berlin, Russiantearoom Agency, Paris. Аўтар 17 персанальных выстаў. Удзельнічаў больш чым у 50 калектыўных выставах па ўсім свеце. Работы знаходзяцца ў прыватных і публічных калекцыях у ЗША, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Нідэрландах, Швейцарыі, Даніі, Расіі і Беларусі.
Мерапрыемствы праекта:
8 жніўня 19.00 - Антон Барысенка. Лекцыя "Пра канцэптуальнае мастацтва"
15 жніўня 19.00 - Вадзім Дабравольскі. Прэзентацыя творчасці фатографа Ігара Саўчанкі "Свет працівіцца фатаграфаванню"