Кожны год у верасні святкуецца Дзень горада: Мінску сёлета – 952. Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапануе незвычайна правесці 13 верасня і адзначыць гэтае свята.
Для Максіма Багдановіча Мінск быў родным горадам, бо ён у ім нарадзіўся, і адначасова невядомым, бо паэт жыў у сталіцы зусім непрацяглы час.
“(Не) мінскія гісторыі” – гэта паэтычна-музычная імпрэза, дзе выступоўцы не толькі падзеляцца сваёй творчасцю, а яшчэ распавядуць асабістыя гісторыі, звязаныя са сталіцай.
“Панаехаўшыя супраць мінчукоў” – у такім фармаце пройдзе мерапрыемства: адныя паэты і музыкі раскажуць, як заваёўвалі галоўны горад краіны, іншыя – як раслі і пачыналі свой творчы шлях.
У камандзе “панаехаўшых”: паэт Віталь Рыжкоў, спявачка LEAR (Валерыя Суравіцкая) і паэтка Юля Цімафеева.
“Мінчукоў” будуць прадстаўляць паэт Антон Рудак, блюзмэн Юрась Ускоў і паэт Андрэй Адамовіч.