На сваёй зямлі
10 - 22 апреля 2014
Даведкi: +375 17 327 26 12.
Уваход: вольны.
10 красавіка 2014 года ў 16.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы па выніках 9-га Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі дзяцей і моладзі “На сваёй зямлі”.
У 2014 годзе ўдзел у конкурсе ўзялі 13 126 юных мастакоў з Аргентыны, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Бангладэш, Беларусі, Венгрыі, Грузіі, Інданэзіі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Македоніі, Марока, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славеніі, Сербіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Харватыі, Шры-Ланкі.
Экспазіцыю выставы склалі больш за 300 дзіцячых твораў. Аўтары працавалі над тэмамі: “Бяспечная праца на зямлі”, “Казка”, “Сапраўднае свята”, “Партрэт старога дома”, “Чароўны сад”. Багацце прыёмаў і тэхнік, разнастайныя мастацкія і культурныя традыцыі, непаўторны каларыт кожнага рэгіёна дазволілі сабраць яскравую калекцыю дзіцячага мастацтва.
Мэта конкурсу “На сваёй зямлі” не абмежавана адборам лепшых кампазіцый і ўзнагародай пераможцаў. За гады свайго існавання ён ператварыўся ў маштабны праект, які спрыяе творчаму, адукацыйнаму і прафесійнаму развіццю ўсіх яго ўдзельнікаў. У яго межах разгортваюцца іншыя праекты, такія як Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў “Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі”, Міжнародны культурна-асветніцкі праект “Перазоў стагоддзяў”. З іх дапамогай арганізатары спрабуюць прааналізаваць той багаты матэрыял, што назбіраўся ў фондах конкурсу, а таксама аб’яднаць асобных педагогаў і цэлыя навучальныя ўстановы для супольнай дзейнасці і абмену досведам.