Выставки

Мы ёсць народам! (3+)

22 марта 2018 - 22 апреля 2018

Справки: +375 17 335 44 47

Вход: 3 руб.

Мы ёсць народам! (3+)

22 сакавіка 2018 года ў 17.00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё выставы “Мы ёсць народам!” (М.Доўнар-Запольскі), прымеркаванай да 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларуская Народная Рэспубліка была створана ў пачатку XX стагоддзя. Незалежнасць БНР абвешчана Радай 25 сакавіка 1918 года. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, першая спроба ўтварэння беларускай дзяржаўнасці мела вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады паўплывалі на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.

Літаратурна-дакументальная частка выставы “Мы ёсць народам!” прадстаўлена хронікай падзей, якія адбываліся на Беларусі ў 1917 – 1919 гады і ў 1990 – 1991 гады. Яна дае магчымасць прасачыць перадумовы і заканамернасці працэсу нацыянальнага самавызначэння беларускага народа, працэс стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі; узгадаць грамадска-палітычную і літаратурную сітуацыю.

Дзякуючы пэндзлю беларускага мастака Алеся Цыркунова мы можам гаварыць пра такіх выбітных асоб як Раман Скірмунт, Алаіза Пашкевіч, Казімір Сваяк, Магдалена Радзівіл, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк і іншых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія адыгралі важную ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

У святочным мерапрыемстве прымуць удзел літаратары, гісторыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.