Першая выстава прац беларускіх музыкаў "Музыка без межаў" пройдзе ў мінскай прасторы ЦЭХ з 9 па 19 сакавіка. Падзея закліканая паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў. Падчас выставы можна будзе ўбачыць карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта "Крама" Ігара Варашкевіча, гурта "Палац" Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак "Дай дарогу!" Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), Ганны Жданавай (Lilac), лідара гурта ZnichАлеся Таболіча, Сяргея “Скрыпы” Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) іАляксандра Дземідзенкі (Re1ikt). Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб'ядноўвае выяўленчае мастацтва. Як зрэшты і іншых музыкаў свету. Малявалі не толькі беларускія вакалісты, гітарысты і бубначы, але і многія сусветныя зоркі. Джон Ленан, Пол Макартні, Джымі Хендрыкс, Джэніс Джоплін, Джым Морысан, Сід Барэт, Том Ёрк, Джоні Кэш, Бона, Фрэнк Сінатра і нават нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Боб Дылан вядомыя ў тым ліку і сваімі мастацкімі працамі. Што натхняе беларускіх музыкаў у выяўленчым мастацтве, можна будзе пабачыць ў мінскай прасторы ЦЭХ.
Увага: выстава працягнецца толькі 10 дзён! Адкрыццё адбудзецца 9 сакавіка ў 19.00 і будзе суправаджацца сустрэчай з мастакамі. Сама экспазіцыя будзе даступная да 19 сакавіка.
Уваход: 1 руб. — у будні, 2 руб. — у выхадныя.
Час працы выставы: 12.00-22.00.