Трэцці год запар Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, ГА “Экадом” і ўстанова “Агра-Эка-Культура” ладзяць Агра-Культурны Фэст і выставу, прысвечаную праблемам экалогіі.
Сёлета пад навуковай назвай праекта хаваецца зварот мастакоў да самых непрыкметных з’яваў прыроды, паглыбленне ў гарманічны стан ды пошук самога сябе, як часткі агульнай эка-сістэмы. Мутуалізм (па-ангельску Mutual - узаемны) - шырока распаўсюджаная форма ўзаемакарыснага суіснавання. Арганізм, які ўступае ў мутуалістычныя адносіны, атрымлівае пэўныя перавагі. Менавіта ў кантэксце партнёрскіх зносінаў мастакі разглядаюць праблему дэзінфармаванасці чалавека ў пытаннях асяроддзя, экалогіі і наступстваў прывычнага сучаснаму чалавеку ладу жыцця.
Удзельнікамі выставы сталі восем беларускіх мастакоў: Вольга Сазыкіна, Ігар Корзун,Аляксандра Корзун, Анро, Дар’я Заічанка, Валянцін Борзды, Вікторыя Шчарбакова, Bazinato, а таксама Мамука Джапарыдзэ з Грузіі.
Падчас адкрыцця выставы наведвальнікам будзе прапанаваны перфоманс "Драм-н-Пікс, Піксельтранс і Экспрессіанісцкі мінімалізм на субпіксільным узроуні" Максіма Тымінько і гурта "Кароль пчол": гітара - Сяргей Пукст, бас-гітара - Дзьмітры Лось, барабаны - Максім Тымінько.
Праект завершыцца лекцыямі аб эка-арце ды экалогіі, экскурсіяй па выставе і Агра-культурным фэстам – 2014, які згуртуе мастакоў, фермераў, эколагаў і гасцей фестываля у цікавай праграме. Сачыце за абвесткамі.