Эксперыментальны тэатр «Галава-Нага» запрашае на спектакль «Мова Х» паводле вершаў сучаснай беларускай паэткі Вальжыны Морт (рэж. Аляксей Стрэльнікаў). Паказ адбудецца 1 верасня ў 14.00 і 16.00.
«Беларусь – гэта будучае Беларусі. Быццам, нас яшчэ няма, але мы не можам не нарадзіцца»
(В.Шпарага).
Вершы Вальжыны Морт «Беларуская мова І» і «Беларуская мова ІІ» не толькі пра маўленчую сітуацыю, яны пра настрой маладога чалавека ў маладой дзяржаве. Як суаднесці сваё ўласнае светаадчуванне з грамадскімі стэрэатыпамі і вагой традыцыі? Як адчуць свой голас у хоры, адрозніць свае жаданні ад тых, што нам навязалі?
«Мы і ёсць наша мова», - піша Вальжына Морт.
Хто мы?
«Мова Х» – гэта спектакль-рытуал. Гледачы запрашаюцца да ўдзелу ў рытуале прысвячэнне роднай мове. Нарадзіцца разам з мовай, дапамагчы ёй пасталець, развіцца, сустрэцца з перашкодамі і перарадзіцца ізноў.
Аснову рытуалу складзе традыцыйнае тэатральнае кола. Застацца ці вырвацца з гэтага кола кожны мусіць вырашыць для сябе сам.
У гэтым годзе спектакль атрымаў спецыяльны прыз у намінацыі «Найлепшая эксперыментальная праца» на міжнародным тэатральным фестывалі «Тэатральны Куфар – 2016».