У галерэі кнігарні “Галіяфы” будуць прадстаўлены 15 твораў жывапісу, аб’яднаных важнай для мастака тэмай глабалізацыі. Працы Алеся Родзіна ўвасабляюць аўтарскую занепакоенасць падзеямі і праблемамі сучаснасці.
Алесь Родзін – адзін з найзнаных на Захадзе сучасных беларускіх мастакоў. Больш за дзесяць гадоў ён быў рэзідэнтам артхаўса «Tacheles» у Берліне – сапраўднага анархічнага сквота, дзе жылі і працавалі творчыя людзі з усяго свету.
Мастак нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баранавічах. Вучыўся ў мастацкай студыі Віктара Вярсоцкага і мастацкай школе № 1. Працягваў навучанне на аддзяленнях дызайну і жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім у Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хайма Ліўшыца. Ад 2001 года разам са Змітром Юркевічам арганізуе штогадовы фестываль «ДАХ».
«Мы ўсе знаходзімся ў атачэнні глабальных зменаў, якія правакуюць грандыёзныя вынікі ў сферы эканомікі, палітыкі, культуры краін ды кантынентаў. Гэтыя вынікі фармуюць як станоўчыя, так і адмоўныя псіхалагічныя рэакцыі. Намаганні ўсвядоміць гэтыя наступствы мастацкімі сродкамі і ёсць пэўны вынік гэтай выставы, распачатай яшчэ ў кунстхаўсе “Tacheles” », − так ахарактарызаваў канцэпцыю выставы сам мастак.