Майстар-клас “Свая кнігарня – гэта кайф!”
30 сентября 2014
Даведкі: тут.
Уваход: бясплатна, рэгістрацыя.
Пасля леташняга майстар-класа “Як адкрыць сваю кнігарню ў Беларусі?” у Літаратурны Дом “Логвінаў” паступілі шматлікія просьбы паўтарыць навуку. Сёлета мы наважылі крыху пашырыць тэматыку: распавесці не толькі, як адкрыць сваю кнігарню і наладзіць яе працу, а таксама пра тое, як стварыць творчую (чытай – працоўную) атмасферу, ды падзяліцца, як насамрэч маецца насельнікам кнігарні ў эпіцэнтры культурнага жыцця
Такім чынам, 30 верасня (аўторак) Кнігарня “логвінаЎ” ладзіць майстар-клас, у часе якога слухачы даведаюцца: - як, шмат не думаючы, выбіраць каманду аднадумцаў; - як лічыць грошы прадпрыемства, нават калі іх няма; - як ладзіць свята кожны дзень і не страціць праз гэта розум і здароўе; - як навучыць стол Караткевіча лятаць і атрымаць з гэтага дывідэнты; - як кнігарам сябраваць з усімі, у тым ліку, з “планшэтным пакаленнем” .
У майстар-класе возьмуць удзел: Ігар Логвінаў, выдавец, Кацярынка Пікірэня, дырэктар кнігарні “логвінаЎ”, Валянціна Кісялёва, дырэктар галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, Павал Касцюкевіч, арт-дырэктар Літаратурнага Дома “логвінаЎ”.
Удзел у майстар-класах бясплатны. Пачатак заняткаў а 14, заканчэнне – а 17. Запіс на майстар-класы – папярэдні. Да 29 верасня на электронную пошту lohvinaupress@gmail.com трэба даслаць звесткі з пазнакай “Запіс”. Звесткі ўключаюць імя і прозвішча слухача, яго культурніцкі досвед, пару сказаў пра матывацыю да ўдзелу ў майстар-класе, а таксама назву горада або вёскі, дзе бы ён хацеў адкрыць кнігарню ці іншую культурную ўстанову. Адрас правядзення майстар-класаў: Кнігарня логвінаЎ (Мінск, праспект Незалежнасці 37а)
Фота: kellyredinger.com