Мінулае яшчэ не скончылася, будучыня ўжо не настала (16+)
20 июля 2017 - 6 августа 2017
Справки: тут.
Вход: 2 руб.
Персанальная выcтава Антон Сарокін
Куратаркі: Інга Ліндарэнка, Марыя Яшчанка
19:00 20.07 / Адкрыццё выставы
19:30 27.07 / Экскурсія па выставе з куратаркай і мастаком
Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" прадстаўляе персанальную выставу мастака Антона Сарокіна “Мінулае яшчэ на скончылася, будучыня ўжо не настала”.
Абапіраючыся на лакальны кантэкст і ўласныя ўспаміны, Антон Сарокін звяртаецца да глабальнага пачуцця занепакоенасці наконт магчымых сцэнароў будучыні і пэўнага культурнага “азірання” назад – у мінулае. Выстава даследуе парадокс татальнай розніцы і паражальнага падабенства паміж мінулым “часам надзей” і сённяшнім “часам складанасці”.
Антон Сарокін разглядае рэкамбінацыйны патэнцыял агульнадаступных аўдыя- і відэаматэрыялаў – “знойдзеных кадраў” (з анг. found footage), запісаў з асабістых архіваў, артэфактаў поп-культуры, лічбавага смецця, філд-рэкордынгу, мемаў – праз іх асэмбляванне, зборку і мантаж. Працуючы як рэдактар, дызайнер і актывіст, Сарокін вывучае, што “мінулае” кажа нам пра сучаснасць і будучыню. Праз даследаванне і перапрацоўку мастак вынаходзіць закладзеныя ў медыя сэнсы, якія могуць свабодна пашыраць, адцяняць, дапаўняць, адмаўляць адно аднаго, а таксама мутаваць у новыя формы.
Антон Сарокін нарадзіўся ў 1985 годзе, жыве і працуе ў Мінску, спецыялізуецца на мультымедыйных і дыгітальных формах сучаснага мастацтва, а таксама на DIY-музыцы. Мастак даследуе тэмы персанальнай і калектыўнай памяці, палітычнага вымярэння гуку і цішыні, сувязі музыкі і сацыяльных сфераў, нелінейнасці ўспрымання часу. Працы Антона Сарокіна экспанаваліся падчас персанальных і групавых выстаў у Менску (Галерэя сучаснага мастацтва Ў, ЦЭХ, Мемарыяльны музей-майстэрня З.I. Азгура, Музей гісторыі беларускага кіно, Корпус 8 i iнш.), Берліне (Tschechisches Zentrum), Штутгарце (Akademie Schloss Solitude), Берэсці (Прастора KХ) і Маскве (DKDS).