Мастацкая школа (0+)
13 февраля 2018 - 4 марта 2018
Справки: +375 17 321 24 30
Вход: 3 руб.
13 лютага 2018 у 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага абдудзецца адкрыццё выстаўкі “Мастацкая школа імя Яна Разэнталя”.
Праект арганізаваны пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, сумесна з Нацыянальнай школай мастацтваў імя Яна Разэнталя (Латвійская Рэспубліка), Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М. Машэрава.
На выстаўцы прадстаўлена больш 60 твораў выпускнікоў, выкладчыкаў і вучняў адной са старэйшых навучальных устаноў мастацкага профілю Латвіі - Нацыянальнай школы мастацтваў імя Яна Разэнталя. Гісторыя школы пачалася ў 1896 годзе. За доўгі час існавання яе назвы змяняліся шмат разоў, але найбольш значным з'яўляецца імя Яна Разэнталя, якое школе прысвоілі ў 1946 годзе. Ян Разэнталь (1866-1916) - выпускнік аддзялення жывапісу Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У яго партрэтах, міфалагічных
кампазіцыях, пейзажах Латвіі назіраюцца ўплывы імпрэсіянізму, югендстылю і сімвалізму.
Школа стала сапраўднай кузняй творцаў, дзе першыя навыкі мастацтва атрымала шмат вядомых майстроў жывапісу, графікі, скульптуры. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што выпускнікі школы складаюць эліту латвійскага мастацтва XX і XXI стагоддзяў. Так, у экспазіцыі прадстаўлены працы знакамітага выпускніка Крыстапса Зарыньша, які сёння з’яўляецца рэктарам Латвійскай мастацкай акадэміі.
І сёння Мастацкая школа імя Яна Разэнталя з'яўляецца адной з самых лепшых мастацкіх школ, дзе на высокім узроўні выкладаюцца асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу, а таксама скульптура, фатаграфія, камп’ютэрная графіка, анімацыя, відэа-арт, дызайн інтэрнэт-сайта. Класічная арыентацыя на традыцыі акадэмічнай мастацкай адукацыі не перашкаджае засваенню навацый, эксперыментам. Сведчанне гэтага – высокі ўзровень
прафесійнага майстэрства ў дыпломных працах выпускнікоў школы, якія экспануюцца на выстаўцы.
Прадстаўлены работы навучэнцаў школы пачынаючы з 1950-х гг. да нашых дзён. Экспазіцыя знаёміць гледача з гісторыяй і традыцыямі развіцця школы імя Яна Разэнталя, дае ўяўленне пра накірункі сучаснай мастацкай адукацыі, дапамагае зразумець сродкі выразнасці сучасных мастакоў і ўбачыць актуальныя тэндэнцыі мастацтва.
Выстаўка працуе з серады па нядзелю (11:00 - 19:00) да 4 сакавіка 2018 года.