23-25 чэрвеня праект «Беларускія ўікенды» пры падтрымцы брэндаў «Атлант Тэлекам» і velcom арганізуе паказы мультфільма «Маленькі Прынц» у беларускай агучцы.
«Маленькі Прынц» – найзнакаміцейшы твор Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, залатая класіка літаратуры, кніга, якая перакладаецца ў свеце найчасцей за ўсе астатнія пасля Бібліі і Карана.
Гэта глыбокі і мудры твор, адначасова цікавы як дзецям, так і дарослым. У 2015 годзе ў Францыі выйшаў аднайменны мультфільм. Ён распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са смешным старым — тым самым лётчыкам з кнігі «Маленькі Прынц». Самастойны сюжэт пераплецены ў мультфільме з сюжэтам знакамітай кнігі, таму яго будзе цікава глядзець як тым, хто яшчэ не чытаў кнігу, так і тым, хто добра знаёмы з гэтым творам.
У межах праекта «Беларускія ўікэнды» гэты мультфільм быў агучаны на беларускую мову кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. Яго героі загаварылі па- беларуску галасамі Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Зміцера Бейнарт-Саладухі, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова, Уладзіміра Глотава.
У Мінску паглядзець гісторыю «Маленькага Прынца» можна будзе 23-25 чэрвеня ў кінатэатры «Масква». Сеансы пачнуцца ў 19:00.
Акрамя сталіцы, паказы мультфільма пройдуць ў абласных гарадах — Гомелі, Гродне і Магілеве.