29 верасня Вітаўту Мартыненка магло б споўніцца 60 гадоў. Вядомы журналіст, пісьменнік і паэт, стваральнік азначэння “беларускі рок”, Мартыненка быў аўтарам шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця.
Ён стаяў ля вытокаў сапраўднай музычнай рэвалюцыі і шмат у чым паспрыў з’яўленню і развіццю беларускай незалежнай сцэны. Апантаны адраджэнец, аматар сваёй бескарыснай справы, бязлітасны крытык, упарты дзівак – узгадаем, якім запомніўся Вітаўт Мартыненка сябрам, музыкам і калегам па цэху.
29 верасня беларускія музыкі ўшануюць памяць спадара Вітаўта Мартыненка вялікім акустычным канцэртам. У мерапрыемстве возьмуць удзел Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара.
Спецыяльна да канцэрта будзе выдадзены зборнік песен, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.