Культурны слоік
14 - 23 сентября 2016
Вход: бесплатный.
Экспазіцыя ўключае мастацкую кераміку, жывапісныя і графічныя творы; каштоўныя паперы, выявы манетаў, а таксама выявы банкнотаў Рэспублікі Беларусь узору 1993 года, так і не ўведзеныя ў абарот. Аляксандр Зіменка – аўтар першай нацыянальнай манеты, вырабленай у Лондане ў гонар святкавання 50-ці годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Культурны пласт – гэта напластаванне зямлі, якое стварылася ў выніку дзейнасці чалавека, і ўяўляе сабой сістэму артэфактаў, якая гістарычна склалася і падлягае дзяржаўнай ахове. У больш шырокім сэнсе «культурны пласт» – кантэкст культуры пэўнага часу.
Кожны мастак пакідае пасля сябе шэраг твораў, думак, успамінаў сучаснікаў, што з’яўляецца яго ўласным культурным слоем, а лепш сказаць «слоікам». Керамічная форма слоіка нагадвае капсулу часу, якая захоўвае створанае мастаком. Слоік напоўнены ў той паслядоўнасці, якую вызначыў аўтар. Творы розных гадоў ствараюць магічную сувязь паміж сабой, адлюстроўваючы дыялог мастака з папярэднімі культурамі і сучасным грамадствам.
Выбар часу жыцця не залежыць ад мастака. Ад яго залежыць якія каштоўнасці ён пакіне нашчадкам, наколькі арыгінальным і запатрабаваным будзе яго «культурны слоік» на кірмашы сучаснага мастацтва, ці захоча глядач ператварыцца ў археолага, які будзе дакопвацца да сэнсаў дэталяў культурных слаёў, знаходзячы тое, што яму падабаецца, ці абыякава праміне прапанаванае. Капсула творчасці ў выглядзе «культурнага слоіку» мною створана на гэты час, але нішто не забараняе стварыць новы культурны слой і новы «слоік» з іншымі каштоўнасцямі.
Зіменка Аляксандр Іванавіч (16.10.1946, г.Мінск).
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1970). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1973 г. Аўтар аздаблення архітэктурных аб’ектаў, жывапісных твораў, графікі, манументальных роспісаў, керамічнай пластыкі, дызайну банкнотаў, манет, каштоўных папер, медалёў, паштовых марак, кніг. Адзін са стваральнікаў і галоўны мастак (1995-2002) выдавецтва «Панграф». Выкладчык (2000-2011) Інстытута сучасных ведаў імя Шырокава (Мінск). Распрацаваў вучэбныя праграмы «Прадзюсерства ў выдавецкай справе», «Прадзюсерства ў музейна-галерэйнай справе». Дырэктар (2002-2004) рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва». Выступае ў друку з артыкуламі па пытаннях мастацтва. Аздобіў інтэр’еры будынкаў беларускага аддзялення інфармацыйнага агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), былы ЦК КПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта РБ), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979, манументальная керамічная размалеўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы). Працуе таксама ў жывапісе: «Птушку шкада» (1968), «Партрэт К. Малевіча» (1992), «Час Вакха» (1994), «Філасофія спорту» (2000) , «Фаніпальскі певень» (2003). Аздобіў кнігі «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі 17 – п. пал. 19 ст. Са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996). Дыпломы Беларускага республіканскага конкурсу мастацтва кнігі (1997-1998). Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Пляткары» (1971), «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Я. Коласа» (1982), рэльефы «Каваль Вярнідуб» (1967), «Напалм» (1976), «Беларускаія народныя спартыўныя гульні» (1979), «Вынікі стагоддзя» (2000), трыпціхі «Арэна» (1973), «Свет М. Гусоўскага» (1980), «Беларускі пантэон» (1998), «Вынікі стагоддзя» (2000). Кіраўнік студыі «Арт-Кераміка». ДУДА «Центр творчасці дзяцей і моладзі» г. Фаніпаля. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2013 года.
Выстава будзе працаваць з 14 па 23 верасня 2016 года.
Працуем: 11.00 – 19.00 штодзень, апрача панядзелка.
Тэлефоны для даведак: +375 17 288 15 49, +375 17 290 60 10 – Палац мастацтва, +375 17 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.
Фото: livemaster.ru.